У Беларусі павялічваюць колькасць высакароднага аленя

25 декабря 2015

60 асобін гэтых жывёл даставілі з Літвы. Пасля каранціну і адаптацыі яны будуць выпушчаныя ў лясы Мінскага і Ушацкага раёнаў. Да пачатку XIX стагоддзя высакародны алень на тэрыторыі Беларусі быў поўнасцю знішчаны. Пазней пачалася реакліматызацыя віду. Аднак і сёння колькасць гэтых жывёл у краіне ў тры разы ніжэйшая за аптымальную.

Вольга Маслоўская прадоўжыць тэму.

Да прыезду новых насельнікаў - высакародных аленяў - ва Ушацкай паляўнічай гаспадарцы рыхтаваліся загадзя. Абсталявалі падкормачныя пляцоўкі, спецыяльна пабудавалі часовы вальер - на плошчы 9 гектараў жывёлы правядуць год. За гэты час пройдзе каранцін, а алені прывыкнуць да новай мясцовасці.

Сёння ў лясах Ушацкага раёна жывуць 105 высакародных аленяў. Для параўнання: у паўднёвых рэгіёнах у некалькі разоў больш. Папоўняць папуляцыю 24 "іншаземцы", якіх набылі на аленевай ферме ў Літве. Іх вязуць на спецыяльна абсталяванай фуры. Яшчэ 30 даставяць у Мінскі раён.

Невялікая колькасць высакароднага аленя ў нашых лясах - вынік варварскага стаўлення чалавека да прыроды. Да пачатку XIX стагоддзя гэтыя жывёлы на тэрыторыі Беларусі былі поўнасцю знішчаныя. Рэакліматызацыя віду працягваецца амаль дзве сотні гадоў.

Фуру з незвычайным грузам сустракаюць паляўніцтвазнаўцы, ветэрынарныя службы і журналісты.

У мінулым 600 кіламетраў і гадзіны чакання на мяжы. Жывёлы напалоханыя. Бывае, што нават не хочуць выходзіць з машыны. На ўсякі выпадак, каб выбавіць аленяў, ля ўваходу ў вальер расклалі сена.

Жывёл прыстрашылі, і ўжо праз некалькі секунд пасля таго, як дзверы адчыніліся, яны зніклі ў цемры. Для фотасесіі затрымаўся толькі разгублены маладняк. Праз некалькі дзён стрэс у аленяў пройдзе, яны пачнуць выходзіць да падкормачных пляцовак і радаваць вока аматараў прыроды.