У Беларусі ўзмацнілі дзяржпадтрымку пры будаўніцтве жылля для асобных катэгорый грамадзян

10 декабря 2018

Указ сёння падпісаў Прэзідэнт. 

Для дзяцей-сірот павялічаны памер субсідыі на пагашэнне асноўнага доўгу па камерцыйным крэдыце з 35 да 50%. Акрамя таго, палову доўгу бязвыплатна пагасяць і сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. А калі такая сям'я яшчэ і шматдзетная, яна атрымае першачарговае права на атрыманне дзяржпадтрымкі. Тым жа грамадзянам, якія не заняты ў эканоміцы і трапілі у базу звестак непрацуючых, у дзяржпадтрымцы будзе адмоўлена. Гэта правіла пачне працаваць з 1 сакавіка.

Таццяна Затурэнская, начальнік аддзела Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі: "Дзяржаўная падтрымка пры будаўніцтве жылля не будзе аказвацца толькі тым сем'ям, дзе ўсе працаздольныя члены сям'і не занятыя ў эканоміцы. Пры гэтым указам прадугледжана магчымасць для працаздольных членаў сям'і стаць занятымі ў эканоміцы. Ёсць пэўная схема, яны павінны паказаць, што яны працуюць. І ў такой сітуацыі дзяржпадтрымка будзе аказана менавіта на гэтую долю, на гэтую частку. Калі чалавек не заняты ў эканоміцы і далей не будзе заняты, то ён, зразумела, у сваёй частцы страчвае дзяржпадтрымку". 

Некаторыя нормы долевага будаўніцтва ўрэгуляваў асобны ўказ. Яго таксама сёння падпісаў Кіраўнік дзяржавы. Самая прыкметная навацыя: першачарговае права пабудавацца атрымаюць шматдзетныя сем'і. Гэта скароціць тэрміны чакання ў чарзе - апошнія гады вялікія сем'і чакаюць пачатку будаўніцтва некалькі гадоў. А гэты тэрмін не павінен перавышаць года. Такую задачу паставіў Прэзідэнт на нядаўняй нарадзе па будаўніцтве.