У Беларусі спросцяць умовы для стварэння прафсаюзаў

23 июня 2015

Сёння сенатары ўнеслі змяненні ў дэкрэт № 4. Зараз для працы гэтай грамадскай арганізацыі (на прадпрыемстве або прыватнай фірме) дастаткова і 10 чалавек. Паволе слоў Міністра працы і сацабароны Мар'яны Шчоткінай, гэта рашэнне прадыктавана сусветнай практыкай. Сёння прафсаюзы адыгрываюць важную ролю ў жыцці дзяржавы. Гэта самая масавая і аўтарытэтная грамадская арганізацыя краіны. У яе радах - больш за 90% эканамічна актыўнага насельніцтва Беларусі, прыкладна 4 мільёны 100 тысяч чалавек.

Акрамя таго, сёння сенатары адобрылі праекты законаў аб ратыфікацыі пагаднення паміж Беларуссю і Арменіяй, а таксама рамачнага пагаднення паміж нашай краінай і Паўночнай экалагічнай фінансавай карпарацыяй. Гэта міжнародная фінансавая арганізацыя была заснавана пяццю краінамі Еўропы: Даніяй, Ісландыяй, Нарвегіяй, Фінляндыяй і Швецыяй. Яна выдзяляе крэдыты і інвестыцыйны капітал для паляпшэння навакольнага асяроддзя паўночнага рэгіёна.