У Беларусі стартуе акцыя "Увага - дзеці!"

24 мая 2018

Тэрміны здачы выпускных іспытаў, даты апошніх званкоў і бяспека дзяцей летам. На гэтыя пытанні сёння адказалі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, міліцыі і МНС.

Сёлета выпускныя вечары з уручэннем атэстатаў правядуць 9 і 10 чэрвеня ў школах і гімназіях. Упершыню пройдзе рэспубліканскае свята "Апошні званок". Адбудзецца яно 30 мая ў "Мінск-Арэне". У ім прымуць удзел выпускнікі 11-х класаў Мінска і выдатнікі з рэгіёнаў. Што датычыцца бяспекі школьнікаў, то, як гавораць праваахоўнікі, дадатковы кантроль не перашкодзіць. Акрамя таго, з пачатку мая міліцыя актыўна правярае дзіцячыя аздараўленчыя лагеры. Да гэтай працы падключыліся ратавальнікі, Міністэрства аховы здароўя і мясцовыя органы ўлады. Як плануецца, сёлета дзіцячыя лагеры наведаюць больш за 360 тысяч дзяцей.

Што датычыцца бяспекі дзяцей, то ўжо заўтра ў Беларусі стартуе акцыя "Увага - дзеці!". Да 5 чэрвеня кіроўцам настойліва рэкамендуюць ездзіць з блізкім святлом фар і быць вельмі ўважлівымі на дарозе.