У Беларусі стартавала цэнтралізаванае тэсціраванне

11 июня 2019

Першы прадмет - беларуская мова. У Гродзенскай вобласці ў аўдыторыі прыйшлі 1846 чалавек, з іх 736 - у абласным цэнтры. Абітурыентаў таксама чакалі ў Лідзе і Ваўкавыску. Бланкі з заданнем яны атрымалі роўна ў 11:00. На іспыце пры сабе можна было мець толькі зарэгістраваны пропуск на ЦТ, пашпарт і ручку. Мабільныя тэлефоны катэгарычна забароненыя.

Ірына Кітурко, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы: "Абітурыенты нашы будуць здаваць ЦТ па 14 прадметах. І я магу сказаць, што лідзіруюць сярод гэтых прадметаў тры. Гэта руская мова, матэматыка і замежныя мовы. Натуральна, мы гатовыя на 100 % да правядзення ЦТ, усе аўдыторыі ў нас падрыхтаваныя, праведзеныя рамонты, усюды ёсць гадзіннікі. Створаныя камфортныя ўмовы".

Тэсты падоўжацца тры тыдні. Затым у рэзервовыя дні выпрабаванні змогуць прайсці тыя, хто з паважлівай прычыны іх прапусціў. За ўсім працэсам назіраюць супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю.