У Беларусі стартавалі піратэхнічныя рэйды

14 декабря 2016

Гэта выклікана актывізацыяй гандлю патэнцыйна небяспечнымі цацкамі напярэдадні Новага года. Толькі ў снежні ў нелегальных прадаўцоў канфіскавалі амаль паўмільёна адзінак піратэхнікі. Чым можа павярнуцца забаўка з кантрафактнымі феерверкамі і салютамі, і дзе лепш купляць піратэхніку, калі цяга да экстрыму ўсё-такі пераможа? Рэпартаж Аляксандра Хараўца.

"Праверка ідзе. Зачыняйся". Менавіта такія фразы пачула наша здымачная група, падыходзячы да гандлёвых пунктаў на самым буйным сталічным рынку. З чатырох павільёнаў, дзе прадаюць піратэхніку, не паспеў зачыніцца толькі адзін. На пытанні правяраючых прадавец небяспечных цацак нічога выразнага адказаць не змог.

Паводле правілаў, у магазіне можа знаходзіцца не больш як 50 кілаграмаў піратэхнікі. Дарэчы, гэты гандлёвы пункт праверку вытрымаў. Але, паводле слоў спецыялістаў, не ўсе гатовыя працаваць без парушэнняў.

Па краіне каля паўмільёна піратэхнічных цацак канфіскавана. Зрэшты, спецыялісты ўпэўненыя: нелегальны гандаль актывізуецца бліжэй да Новага года. І раяць купляць піратэхніку толькі ў афіцыйных магазінах.

Такая піратэхніка абавязкова праходзіць тры ступені праверкі. Для пачатку салюты і феерверкі падвяргаюць тэмпературным і водным выпрабаванням. Затым шумавым.

А гэта, бадай, самая маляўнічая стадыя выпрабавання піратэхнічнай усталёўкі. Калі спецыялісты ацэньваюць памеры полымя і адлегласць, на якую разлятаюцца часціцы зарада.

Аляксандр Мажэйка, намеснік загадчыка лабараторыі ГНВА парашковай металургіі НАН Беларусі: "Мы сёння праводзім вызначэнне характэрных месцаў траекторыі піратэхнічных вырабаў і радыусу разлёту. Метады складаюцца ў радыусе разлёту і вышыні ўздыму піратэхнічнага выраба, вышыні дагарання, вугла адхілення. А таксама радыусу разлёту падпаленых элементаў".

Афіцыйна прадаваць можна піратэхніку трох класаў - хлапушкі, бенгальскія агні і наземныя феерверкі. Радыус іх небяспечнай зоны складае 5 метраў. А вось падчас запуску салютнай батарэі або ракеты бяспечная адлегласць - ад 20 метраў.

Калі ж піратэхніка не спрацавала - згас або прагарэў кнот, не запусцілася батарэя салютаў - трэба вычакаць не менш як 15 хвілін, раяць спецыялісты. Яшчэ раз спрабаваць запальваць феерверк у такой сітуацыі строга забаронена. Патэнцыйна небяспечную цацку трэба ўтылізаваць. Ёсць два варыянты: загарнуць піратэхніку ў пакаванне і вярнуць прадаўцу або вымачыць у вадзе на працягу сутак і толькі потым выкінуць.

Аднак не ўсе гатовыя выконваць інструкцыі. Толькі летась піратэхнічныя траўмы атрымалі 34 чалавекі. У гэтым па дапамогу да медыкаў пакуль ніхто не звяртаўся. Зрэшты, наколькі маляўнічымі, а галоўнае - бяспечнымі будуць навагоднія святы, кожны вырашыць сам для сябе.