Рэпартаж Вікторыі Патоні. У гэтай гаспадарцы на поўдні Брэсцкага раёна наступствы разгулу вады дагэтуль нагадваюць аб сабе. Позняя вясна, разводдзе Заходняга Буга і моцныя дажджы - выстаяць перад такімі капрызамі прыроды не пад сілу нават самым дасведчаным гаспадарнікам. На палях утварыліся цэлыя азёры. Каму раздолле, дык гэта чайкам. Для аграрыяў жа галаўны боль і бяссонныя ночы. Сяргей Чарапко прызнаецца: за 26 гадоў працы ў сельскай гаспадарцы яму ўпершыню прыйшлося так доўга і настойліва адваёўваць у вады кожны лапік зямлі.
Вычэрпвалі ваду са сваіх агародаў і мясцовыя жыхары. У Таццяны Ганжы з 15-ці сотак бульбы дажджы адваявалі чвэрць участка.
Яшчэ месяц таму гэтае поле нагадвала возера. Па плане тут павінна расці кукуруза. Аднак вялікая вада не пускала аграрыяў, сюды проста не магла ўвайсці сельгастэхніка. Глебу тройчы рыхтавалі да сяўбы. Нарэшце гэта ўдалося зрабіць. Зараз вядзецца сяўба, але не кукурузы, а кармавога гароху.
Надвор'е прымусіла мясцовую ўладу падняцца ў неба. На гэтых кадрах, зробленых з верталёта, добра відаць, як месяц таму выглядалі лугі і палі Палесся. Ураджайнасць мясцовыя аграрыі ставяць пад сумненне, але гавораць: сітуацыя не бязвыхадная. Рабочых рук і тэхнікі хапае.
У паўночнай частцы Брэсцкага раёна правілы гульні таксама дыктуе надвор'е. Тут яно зрабіла стаўку на засуху.
А вось аграрыі ў гэтым СВК стаўку робяць на збожжавыя. У Астрамечаве гэта 60% плошчаў. Нагрузка на адзін камбайн - 280 гектараў. Гаспадарка адной з першых у краіне пачала ўборачную кампанію. Кожную раніцу збожжа праходзіць праверку на вільготнасць. Ураджай чакаюць нядрэнны.
Наталля Васільеўна ў гэтае поле выйшла самая першая. Як бы ні старалася надвор'е, у Беларусі прыйшоў час збіраць хлеб. Як і некалькі стагоддзяў таму, у поле першымі выходзяць жнеі. Спачатку малітва, затым асвячэнне ўраджаю і тэхнікі. Першы сноп зжынаюць уручную, сярпамі. І толькі потым эстафету пераймаюць камбайны.
Аднак для сапраўднага аграрыя традыцыя - гэта ўсё ж не гарантыя добрага ўраджаю. Яшчэ вясной стала зразумела, што за збожжа прыйдзецца змагацца. Зіма, якая зацягнулася, у многіх зарадзіла абгрунтаваныя сумненні ва ўраджайнасці. Але ў СВК упэўненыя: яна будзе не меншай за леташнюю.
Сяргей Масюкевіч больш як 20 гадоў убірае хлеб. Сёння ў поле ён выйшаў з малодшым сынам. Любоў да зямлі і сумленная праца для гэтай сям'і не проста гучныя словы.
І хаця аграрыі толькі пачалі масавую ўборку збожжавых, ужо з'явіліся першыя тысячнікі - два экіпажы камбайнераў у Гомельскай вобласці.
Уборку збожжавых пачалі ўсе вобласці краіны. Як водзіцца, завершыцца гарачая пара дажынкамі. Сёлета сталіцай галоўнага свята хлебаробаў стане Жлобін. Аграрыі ўпэўненыя ў нядрэнным караваі, а Наталля Васільеўна чакае не дачакаецца мукі з новага ўраджаю. Бо няма нічога смачнейшага за хлеб, выпечаны сваімі рукамі.














