У Беларусі стартаваў Тыдзень архітэктуры

7 октября 2013

У гэты дзень у Мінску прайшлі экскурсіі па славутых аб'ектах сталіцы. Што цікава, гідамі выступалі самі стваральнікі беларускіх шэдэўраў. Таму расказ аб тэхналогіях, прыёмах праектавання і будаўнічых таямніцах ішоў з першых вуснаў. У гэты дзень прыадкрылі і найбліжэйшую архітэктурную будучыню Беларусі.



Пра ўсё па парадку раскажа Паліна Іванча.


Дар'я Ефімец, вучаніца сталічнай гімназіі імя Масленікава, можа адрадзіць з руін практычна любы архітэктурны помнік. Праўда, пакуль толькі з дапамогай кардона і нажніц. Год таму цяпер дзесяцікласніца разам з аднадумцамі стварыла макет страчанага маёнтка 18 стагоддзя ў Сёмкаве.


Дар'я Ефімец, вучаніца 10 Б класа гімназіі №75 г. Мінска: Былі зроблены абмеры, састаўлены прыкладныя планы і пасля ўжо мы шукалі ў архівах, у розных энцыклапедыях інфармацыю пра гэты маёнтак, высветлілі гісторыю, што там быў створаны дзіцячы канцлагер, пасля гэтага ўжо знайшлі саміх вязняў, распыталі іх.


Яна рыхтуецца паступаць на архітэктара і марыць спраектаваць цэнтр гісторыі беларускага дойлідства. Падзяліцца самымі патаемнымі думкамі сёння, у сусветны Дзень архітэктуры, вучні сталічнай гімназіі маглі асабіста з намеснікам Міністра архітэктуры і будаўніцтва Дзмітрыем Семянковічам.


Для нашай жа здымачнай групы толькі ў гэты дзень адзін з вядучых горадабудаўнікоў краіны прыадкрыў найбліжэйшую архітэктурную будучыню Беларусі. Галоўны будаўнічы акцэнт 2014 года - чэмпіянат свету па хакеі.


Дзмітрый Семянковіч, намеснік Міністра архітэктуры і будаўніцтва Беларусі: Гэта і гасцінічныя комплексы, гэта, самае галоўнае, наша Чыжоўка-Арэна, дзе будзе праходзіць чэмпіянат свету па хакеі. Гэта і рэканструкцыя аэрапорта. Гэта будзе першая чарга рэканструкцыі. Другая чарга з будаўніцтвам новай узлётна-пасадачнай паласы і новага міжнароднага аэравакзальнага комплексу.


А вось аэрапорт Мінск-1 атрымае яшчэ адно жыццё ў новым дзелавым раёне горада Мінск-сіці. Праўда, хутчэй ужо ў вобразе архітэктурнага помніка. Захаваць плануюць нават лінію аэрадрома.


Дзмітрый Семянковіч, намеснік Міністра архітэктуры і будаўніцтва Беларусі: Ва ўсіх праектах захоўваецца будынак нашага аэравакзальнага комплексу, пабудаванага па праекце архітэктара Воінава. На ўзлётна-пасадачнай паласе, якую яны ператвараюць у нейкі бульвар, сапраўды можна размяшчаць і аб'екты адпачынку. Я наогул падумаў, калі мы, напрыклад, зімой будзем заліваць там каток, то, па ўсёй бачнасці, гэта будзе самы доўгі каток у свеце.


Яшчэ адзін аб'ект з прыстаўкай адзіны ў свеце - гэта Алея алімпійскай славы - на падыходзе да яшчэ аднаго ўнікальнага, праўда, ужо для Еўропы - Мінск-Арэна. Пра тое, якой павінна быць сапраўдная лядовая пляцоўка - круглай або эліпсападобнай - сёння школьнікам расказваў прама на месцы сам галоўны архітэктар праекта- лаўрэат дзяржпрэміі Валерый Куцко.


Валерый Куцко, галоўны архітэктар праектаў архітэктурна-канструктарскай майстэрні РУП Інстытут Белдзяржпраект, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі: У круглай арэне адзін плюс, што вялікая частка гледачоў размяшчаецца ўздоўж доўгай пляцоўкі. І гэта і лепшая бачнасць, больш камфортныя ўмовы для прагляду мерапрыемстваў.


А вось ярка-чырвоны васьміпавярховы крышталь, які злучае два шкляныя крылы, сёння знутры разглядалі ўжо студэнты архітэктурнага. Для відэакамер гэты будынак адкрылі ўпершыню. Ды і сам аўтар праекта - заслужаны архітэктар краіны Алег Вараб'ёў - у ролі экскурсавода выступіў упершыню.


Чырвоным крышталь здаецца толькі знадворку, для тых, хто знаходзіцца ўсярэдзіне будынка, малюнак з акна абсалютна натуральнага колеру. Сакрэт фірмы просты: паміж двума вокнамі заламінавана спецыяльная сетка - са знешняга боку яна ярка-бардовая, з унутранага - празрыстая. Дарэчы, гэта трэці ў свеце будынак, у якім выкарысталі такую тэхналогію.


Яшчэ адзін сусветны трэнд - вокны шкляныя ад полу да столі. Гэты архітэктурны прыём сцірае межы паміж вуліцай і інтэр'ерам.


Алег Вараб'ёў, заслужаны архітэктар Беларусі, прафесар міжнароднай Акадэміі архітэктуры: Калі будынкі раней былі больш брутальныя, з меншым шкленнем, то зараз будынкі атрымліваюць вялікія адкрытыя прасторы, вялікае шкленне, раскрыццё ўнутр будынка, гэта значыць як бы пераходзіць з ландшафту ў інтэр'ер будынка.


Ну і, вядома, канцэпцыя разумны дом. Калі па пстрычцы кнопкі спецыяльнага пульта аўтаматычна адчыняецца акно, рэгулюецца асвятленне і задаюцца параметры мікраклімату. Тут гэта канцэпцыя, як высветлілася, таксама працуе. Так што калі раней гэты будынак называлі проста крышталем, то сёння журналісты ўжо з упэўненасцю дабавілі - яшчэ і разумны.