У Беларусі стартавала Міжнародная выстава ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі MILEX

20 мая 2017

Прывітанне яе ўдзельнікам і гасцям накіраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

"Гэты найбуйнейшы ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне міжнародны форум, які 8-ы раз праходзіць у Беларусі, адлюстроўвае асноўныя тэндэнцыі і перспектывы развіцця сусветнага рынку ўзбраенняў, з'яўляючыся сведчаннем дасягненняў навуковай і канструктарскай думкі ў галіне распрацоўкі і вытворчасці прадукцыі ваеннага прызначэння", - гаворыцца ў прывітанні.

У Мінску на дзвюх пляцоўках будуць паказаныя найноўшыя распрацоўкі ў сферы ўзбраенняў, а таксама магчымасці беларускай абароннай галіны. 200 кампаній з 30 краін разгорнуць свае стэнды для наведвальнікаў форуму. Чаго чакаць ад выставы, спытаем у нашага карэспандэнта.

На прамой сувязі з аэрадромнага комплексу Мінск-1 Уладзімір Каралёў (прамое ўключэнне).

Добры дзень. Некалькі хвілін таму завяршылася афіцыйная цырымонія адкрыцця выставы MILEX-2017. Тут, у цэнтры Мінска, вайскоўцы паказвалі сваё майстэрства: верталёты высаджвалі дэсант, з неба спускаліся парашутысты. Я прапаноўваю паглядзець, як гэта было.

Апошні раз выстава MILEX у Мінску праводзілася ў 2014 годзе. Безумоўна, за гэтыя 3 гады беларускаму ваенпраму ёсць што паказаць з навінак і гледачам, і, безумоўна, патэнцыяльным заказчыкам. Раней гучала лічба на адзін мільярд долараў за год. Менавіта на такую суму Беларусь прадае зброі і ўзбраенняў. За апошнія 5 гадоў гэтая лічба павялічылася ўдвая.

На выставе плануецца падпісанне шматмільённых кантрактаў. Але, як паказвае практыка, часцяком падрабязнасці таго, хто і што будзе купляць, для журналістаў застаецца ў таямніцы.

У 15 гадзін адбудзецца цырымонія адкрыцця іншай экспазіцыі - на тэрыторыі комплексу "Мінск-Арэна". Тут таксама будзе паказаная ваенная тэхніка. Арганізатары пакуль не выдаюць усіх падрабязнасцяў. Таму наша здымачная група абавязкова перамесціцца туды. Дзе я змагу паведаміць новую інфармацыю.