У Беларусі стартавала дабрачынная акцыя ў падтрымку асаблівых дзяцей

8 июня 2018

Кінуць выклік асабістым дасягненням і пры гэтым дапамагчы дзецям. У Беларусі стартавала дабрачынная акцыя ў падтрымку асаблівых дзяцей. Першай дыстанцыяй для яе ўдзельнікаў стаў схіл у Лагойскім раёне, што вядзе да сонца. Гэта сімвалічна: "сонечнымі" называюць дзяцей, народжаных з сіндромам Даўна. Удзельнікам акцыі можа стаць кожны. Для гэтага неабходна з 21 па 24 чэрвеня апублікаваць вынікі бегавой трэніроўкі ў сацсетках з указаннем пэўнага хэштэга.

Аляксандр Румак, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі: "Добраахвотніцкі рух у грамадстве развіваецца, калі людзі неабыякавыя да чужых праблем. І я думаю, чым больш такіх людзей у нашым грамадстве будзе, гэта будзе сведчыць аб тым, што беларускае грамадства развіваецца. І менавіта ў нашых людзях ёсць суперажыванне, жаданне і імкненне дапамагчы тым, хто побач з імі ў гэтым мае патрэбу".

Антон Бладзік, арганізатар дабрачыннай акцыі: "Такія акцыі аб'ядноўваюць людзей рабіць добрыя справы. Тым больш, калі робіш добрыя справы праз спорт, гэта яшчэ лепш. Беларусы - спартыўная нацыя, і я заклікаю ўсіх бегаць. Бег зараз у трэндзе, гэта модна. Таму трэба бегчы, трэба дапамагаць тым, хто ў гэтым мае патрэбу, трэба рабіць добрыя, сонечныя справы і рабіць гэта ад чыстага сэрца".

Кожны кіламетр арганізатары акцыі ператвораць у грошы, якія паступяць на рахунак сталічнага дзіцячага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.