У Беларусі стартавала дабрачынная акцыя "Нашы дзеці"

9 декабря 2019
У гэтыя перадсвяточныя дні па шматгадовай традыцыі ў Беларусі самая пільная ўвага - шматдзетным сем'ям, а таксама дзецям, якія маюць патрэбу ў асаблівым цяпле і клопаце... Гэта выхаванцы дамоў-інтэрнатаў, дзеці з абмежаванымі магчымасцямі. Маштабная дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" пачала падарожжа па краіне. Вось ужо 24 гады "Марафон дабра" аб'ядноўвае неабыякавых людзей. І ўжо сёння свае падарункі і, галоўнае, увагу атрымалі дзеці ў розных кутках краіны. Як гэта было - раскажа Аляксандра Кавеліч. 

У гэтай зале сёння асабліва шумна. Дзеці з шматдзетных сем'яў, юныя спартсмены і даследчыкі - амаль 300 чалавек - у прадчуванні любімага зімовага свята. Сярод іх і 9-класнік Уладзіслаў Філіпенка - стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта. Яго распрацоўка стала лепшай на рэспубліканскім конкурсе інавацыйнага майстэрства сярод школьнікаў.  У зале і юная плыўчыха Вара Брык. Наша маленькая залатая рыбка - так гавораць аб Варвары трэнеры. І сапраўды, 11-гадовая прыхільніца таленту Аляксандры Герасімені ўжо і сама ведае смак перамогі: толькі гэты год прынёс ёй поўны камплект узнагарод на абласных спаборніцтвах. 

Дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" сёння пачала сваё падарожжа па розных гарадах Беларусі. У Мінскай вобласці старт "добрай эстафеты" быў гучным і музычным. Фестываль "Запалі сваю зорку" прыняў Дзяржынск. Там на сцэну выйшлі дзеці з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, каб паказаць, што магчымасці творчыя бязмежныя. У Мінску навагодні марафон таксама пачынаюць творча. Прычым зімовую казку ствараюць самі дзеці - маленькія мастакі, скульптары, дызайнеры - некалькі сотняў таленавітых школьнікаў прадставілі свае працы на вялікай каляднай выставе. 

Як змайстраваць навагоднюю паштоўку сваімі рукамі, падказалі гасцям. А патаемнымі жаданнямі дзеці падзяліліся з галоўным чараўніком зімы падчас музычнага шоу. І так ужо 24 гады. Акцыя "Нашы дзеці", якая амаль чвэрць стагоддзя аб'ядноўвае неабыякавых людзей, стала сапраўды ўсебеларускай. Бо так важна, каб кожнае дзіця ў гэтыя перадсвяточныя дні было акружанае ўвагай і клопатам. Самая яркая падзея "добрага марафону" - галоўная ёлка ў Палацы Рэспублікі. Вялікае свята з карагодамі, конкурсамі і, вядома, падарункамі. Нягледзячы на занятасць, Аляксандр Лукашэнка заўсёды знаходзіць час, каб разам з дзецьмі паглядзець казачны спектакль. Сёлета на яго запрасілі больш як 2 з паловай тысячы чалавек. А сёння - пакуль толькі першы дзень на календары дабрачыннага марафону. Ужо заўтра "Нашы дзеці" ў розных кутках краіны зноў акунуцца ў навагоднюю казку.