У Беларусі стартавала акцыя "Мы выбіраем дапамогу пажылым. Зімовы сезон"

3 декабря 2018

З наступленнем халадоў у Беларусі стартавала акцыя "Мы выбіраем дапамогу пажылым. Зімовы сезон". Яе ініцыятары - актывісты БРСМ. Увага да праблем ветэранаў і адзінокіх састарэлых людзей - адзін з кірункаў добраахвотнай дзейнасці беларускай моладзі. А зіма - самы час саграваць сэрцы клопатам. Адкрытыя гарачыя тэлефонныя лініі: адно тэлефанаванне - і снег са двара будзе прыбраны, а дровы - наколатыя. Спіс спраў цімураўцаў вывучыла Вольга Маслоўская.

У свае 88 ветэран Вялікай Айчыннай Зінаіда Сінькевіч поўная сіл. Душэўных. А вось здароўе ўжо падводзіць. Інакш ні завошта б не пусціла гасцей у непрыбраны дом. Але для гэтых маладых і хуткіх рук навесці парадак у пакоях зусім нескладана.

Гаспадыня дома - у маладосці камсамолка-актывістка - і сама займалася валанцёрам: з канцэртамі аб'ездзіла не адзін саўгас. А калі выкладала ў тэхнікуме і сваіх выхаванцаў вучыла не толькі спецдысцыплінам, але і ўзаемадапамозе. Пэўна, таму ветэрана не забываюць, і ўжо цяперашнія вучні заўсёды адклікаюцца на просьбу аб дапамозе. Пасля ўрокаў не за прыстаўку, а за лапаты ўзяліся 11-класнікі Багушэўскай сярэдняй школы. Імправізаваны суботнік у двары дома 85-гадовай Вольгі Стрыгалёвай. Прынесці дроў, расчысціць са двара снег, набраць вады - вось спіс добрых спраў. І яшчэ адна просьба - на перспектыву - паставіць навагоднюю ёлку.

У раёне адкрытыя гарачыя тэлефонныя лініі - нумары надрукавалі ў раённай газеце, размясцілі на інфармацыйных стэндах у сельсаветах. Вядома, заўсёды побач сацыяльныя працаўнікі, але для маладых і актыўных праца знойдзецца. Толькі ў Сенненскім раёне такая дапамога можа спатрэбіцца 4 тысячам адзінокім пенсіянерам. Рук, гавораць валанцёры, хопіць на ўсіх. У Беларусі ў дабраахвотніцкім руху "Добрае сэрца" больш як 35 тысяч актывістаў. Разам з пажарнікамі яны правераць спраўнасць пячнога ацяплення ў хатах пажылых гаспадароў. А напярэдадні Новага года ўстрояць гастрольны тур: з канцэртамі паедуць у аддаленыя пасёлкі, выступяць у дамах-інтэрнатах. Дапамога пажылым не сезонная акцыя, а магчымасць нагадаць кожнаму: "Рабіць дабро проста".