У Беларусі створаны ўнікальны праект, прысвечаны падзеям Другой сусветнай вайны

13 мая 2020
У ім сабраныя гісторыі сведак нацысцкіх злачынстваў з першых вуснаў. На працягу шматлікіх месяцаў кіпела праца ў гістарычнай майстэрні, і вось зараз з жывой гісторыяй любы ахвочы можа пазнаёміцца анлайн. Як рэалізоўваўся сумесны беларуска-нямецкі праект - сюжэт Аляксандра Смірнова.

Праца над праектам для Марыі Неабердзінай не абавязак, а кліч сэрца. Яна валанцёр гістарычнай майстэрні і прызнаецца, тэма вайны не можа пакінуць яе абыякавай. Месяцы карпатлівай працы, у выніку сабраны разнастайны кантэнт: вусныя гісторыі, фатаграфіі і відэаролікі.


Кожная гісторыя па-свойму ўнікальная, а жыццё гэтых людзей само па сабе подзвіг


Акрамя перажытых жахаў вайны, пазбаўленняў у наступныя гады яны і зараз вяртаюцца думкамі ў тое пекла. Нават з пункта погляду псіхалогіі -  гэта цяжкая траўма для чалавека. Героі, аб'яднаныя вайной, уяўляюць абсалютна розныя групы: ваеннапалонныя, вязні канцлагераў або гета, нават праведніца народаў свету, якая выратавала яўрэйскіх дзяцей, хоць гэта было небяспечным для яе ўласнай сям'і. Аповяды сведак лепш за ўсё працуюць на тое, каб памяць аб вайне захоўвалася, гавораць гісторыкі. І гэта асабліва важна праз 75 гадоў пасля тых страшных падзей. Важна, каб памяць заставалася заўсёды.

Для свету, які ўсё часцей выбірае рэжым анлайн, фармат падачы матэрыялу відавочны. Калі для многіх Вялікая Айчынная вайна ператвараецца ў абстрактную велічыню, страчваецца за лічбамі ў радках падручнікаў, то памяць аб сваёй сям'і можа пераадолець любое выпрабаванне часам. Сумесная, хоць і трагічная гісторыя, збліжае. Яркі прыклад - мемарыял Малы Трасцянец, на якім і фарміруецца ўжо сумесная культура памяці.


На сайце выстаўлены ў агульны доступ фільм нямецкіх дакументалістаў "Азарычы"

Акрамя гісторый 7 сведак вайны на сайце выстаўлены ў агульны доступ фільм нямецкіх дакументалістаў "Азарычы". Ён перакладзены на беларускую мову і суправаджаецца рускімі субтытрамі. Паказальны прыклад запатрабаванасці і гісторыі, і памяці, якія складаюцца ў агульную культуру. А ўжо яе каштоўнасць у тым, каб знайсці механізмы, як не дапусціць паўтору страшных злачынстваў.

У планах гістарычнай майстэрні - шэраг амбіцыйных праектаў. Напрыклад, абмен студэнтамі па кольцы Мінск - Берлін - Вена. У яго аснове пошук страчаных у часе фактаў і напісанне навуковых прац. Яны напоўняць сусветныя музеі новымі старонкамі гісторыі. Хай яна звязана са сваякамі, суседзямі або роднымі гарадамі. Але, калі яна датычацца пэўнага чалавека, то прымушае пераасэнсоўваць і сваё месца ў будучыні.