У Беларусі стварылі першую вольную папуляцыю лані еўрапейскай

2 ноября 2016

Гэтыя прадстаўнікі дзікай прыроды даўно зніклі з нашай тэрыторыі. І вось зараз 300 асобін, якія прайшлі спецыяльны падрыхтоўчы перыяд, былі выпушчаныя на волю ў паўночным рэгіёне краіны.

Вольга Маслоўская адправілася на фотасафары.

Гэтыя гукі для беларускага лесу ўнікальныя. Іх выдаюць самкі лані. У дзікай прыродзе на тэрыторыі нашай краіны гэты від аленяў не сустракаецца ўжо шмат гадоў. За аднаўленне папуляцыі ўзяліся навукоўцы Акадэміі навук і спецыялісты Навукова-практычнага цэнтра па паляўніцтвазнаўстве "Чырвоны Бор".

На самай поўначы Беларусі ў лес выпусцілі 300 жывёл.

Ланяў купілі ў Літве. Дзесяць месяцаў яны правялі ў каранціне. Адаптаваліся і

нават далі прыплод. Выпуск жывёл у дзікую прыроду стаў сапраўднай падзеяй.

Аляксандр Каштальян, навуковы супрацоўнік НПЦ па паляўніцтвазнаўстве і кіраванні рэсурсамі дзікіх жывёл "Чырвоны Бор": "Гэта пакуль від - інтрудацэнт, які ўпершыню завозяць у наш час на тэрыторыі рэспублікі для вольнага ўтрымання. Вопыт гэты будзе вельмі цікавы, таму што раней у такіх паўночных умовах лань не выпускалася, і ёсць вельмі шмат магчымасцяў для навуковых даследаванняў".

Прыгожая знешнасць і эфектныя рогі лані заўсёды прыцягвалі ўвагу чалавека, робячы гэтага насельніка шырокалісцевых лясоў жаданым аб'ектам палявання. Калі ў Беларусі папуляцыя прыжывецца, то лань можа стаць аб'ектам, але ўжо паляўнічага турызму.

Сцяпан Габрусёнак, дырэктар паляўнічай гаспадаркі "Чырвоны Бор": "У Еўропе лань - папулярны паляўнічы від. Яго лацінская назва "дама-дама". Лічыцца, што гэта дамскі алень. Жывёла цягавітая. Цікавая ў плане палявання на яе".

Разам з ланямі вальеры пакінулі некалькі дзясяткаў асобін высакароднага аленя і зубра. Яны папоўняць ужо наяўныя краснаборскія папуляцыі.

Першы час жывёла будзе навідавоку. Далёка ад падкормавых пляцовак яны пакуль не сыходзяць. У будучыні сачыць за міграцыяй ланяў і станам папуляцыі навукоўцы будуць з дапамогай фоталавушак.

Такіх фотафіксатараў дзікага жыцця тут некалькі дзясяткаў. Інфармацыю з прыбораў здымаюць два разы на тыдзень. Спецыялісты гавораць, зіма - не час актыўнай міграцыі. Асвойваць новыя тэрыторыі лані пачнуць толькі вясной.