У Беларусі да 2020 года створаць больш за 20 новых вымяральных эталонаў для развіцця атамнай энергетыкі, інфармацыйных тэхналогій і галін прамысловасці. Гэта заявіў Старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь падчас міжнароднай навукова-тэхнічнай канферэнцыі па метралогіі. Па словах Віктара Назаранкі, навуковыя даследаванні ў гэтай галіне прымяняюцца ва ўсіх сферах дзейнасці любой дзяржавы: ад вымярэнняў тэмпературы паветра і вылічэнняў масы рэчываў да вызначэння ўзроўню радыяцыі. З дакладамі па гэтай тэме ў Мінск прыехалі больш чым 120 удзельнікаў з пяці краін свету.
Соня Міхалкава, кіраўнік дэпартамента па міжнародным супрацоўніцтве і адукацыі Інстытута метралогіі (Славакія):
"Мы бачым перспектывы міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы вымярэнняў і лабараторных даследаванняў з вашай краінай. І хочам даведацца больш аб новых тэхналогіях і метадалогіях, якія выкарыстоўваюцца ў вас, і падзяліцца сваім вопытам".
Цяперашняя міжнародная канферэнцыя па метралогіі прысвечана Году навукі і 25-годдзю Дзяржстандарту Беларусі.













