У Беларусі скароціцца колькасць турмаў

3 марта 2014
Гэта сёння заявіў Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч на сустрэчы з прадстаўнікамі замежных грамадскіх арганізацый. Скарачэнне пенітэнцыярнай сістэмы праходзіць у рамках рэформы МУС. Кіраўнік ведамства таксама адзначыў, што дзякуючы паляпшэнню крымінагеннай сітуацыі ўстановы закрытага тыпу цалкам не выкарыстоўваюцца. Да канца года будзе скасавана як мінімум адна дзіцячая калонія. Гэтыя ініцыятывы станоўча ацанілі і прадстаўнікі міжнародных грамадскіх арганізацый. Узаемадзеянне з прадстаўніцтвам ЕС у Беларусі, Дзіцячым фондам ААН, Чырвоным Крыжом для МУС стала традыцыйным і штогод прыносіць вынікі.

Ігар Шуневіч, Міністр унутраных спраў Беларусі: Пэўнага выніку мы дабіліся. Нам удалося дабіцца высокага ўзроўню грамадскай бяспекі і высокага ўзроўню аховы правапарадку ў 2013 годзе і ўвайсці ў 2014. Упэўнены, з задачамі мы справіліся. Ёсць і задумы, якія мы будзем рэалізоўваць.

Падчас сходу міністр таксама заявіў, што МУС ужо зараз гатова забяспечыць самы высокі ўзровень аховы правапарадку на чэмпіянаце свету па хакеі, які Мінск прыме ў маі.