У Беларусі захоўваецца аранжавы ўзровень небяспекі

23 июля 2018

У топе беларускіх інфармацыйных лент вось ужо каторы дзень застаецца непагадзь. Фота і відэа небывалага разгулу стыхіі апанавалі і сацсеткі. І, як відаць, чакаем новых сторыз. У Беларусі захоўваецца аранжавы ўзровень небяспекі. Нас па-ранейшаму чакаюць дажджы, навальніцы, шквалісты вецер. Напярэдадні асноўны ўдар стыхіі абрушыўся на ўсход краіны. Моцныя ліўні абрынуліся на Магілёўскую вобласць, устанавіўшы рэкорды па ападках. Як вынік - размыты чарговыя дарогі, затоплены падворкі. Жыхары працягваюць падлічваць урон. Камунальнікі пераведзеныя ва ўзмоцнены рэжым працы. Адпампоўваць ваду дапамагаюць і ратавальнікі. У найбольш пацярпелых ад непагадзі раёнах пабываў Андрэй Ястрабаў.

Вуліца Фаціна, скрыжаванне вуліц Ціміразеўскай і Першамайскай. Магілёў, хутчэй, нагадвае Венецыю з яе каналамі. На некалькі гадзін стаў гарадскі транспарт. А хвалі ў цэнтры горада ў топе стужак навін і сацсетак. На абласны цэнтр абрынулася амаль паўмесячная норма ападкаў. Вышыня падтапленняў дасягала паўтара метра. Цалкам сышла пад ваду плошча Славы.

Гэта траса Магілёў - Бабруйск. У вёсцы Сялец ад удару стыхіі сарвала дах з прыватнага дома. А мясцовым жыхарам разам з вадзіцелямі прыйшлося удзельнічаць у сапраўднай выратавальнай аперацыі - вызваляць дарогу паваленых дрэў. Раніцай на МНС і камунальныя службы абрынуўся шквал званкоў ад пацярпелых жыхароў вобласці.

Вадзім Урублеўскі, афіцыйны прадстаўнік Магілёўскага абласнога УМНС: "Найболей пацярпелі ў нас два раёны - гэта Магілёўскі і Касцюковіцкі, а таксама горад Магілёў. Падтоплена 81 домаўласніцтва, 199 разнастайных будынкаў. Людзі паднятыя па трывозе - вядзецца праца па адпампоўцы вады".

Што такое месячная норма ападкаў, жыхары Касцюковічаў - самага ўсходняга раёна вобласці - даведаліся ўпершыню за паўстагоддзя. Вуліцы ператварыліся ў паўнаводныя хуткія рэкі. Аб ураджаі шматлікім вяскоўцам прыйдзецца забыць. Ліўні літаральна змылі іх прысядзібныя ўчасткі. Ператварыўшы сцёкі ў вадаспады з вірамі.

11 участкаў дарог у Магілёўскай вобласці сышлі пад ваду. Але больш за ўсё не пашанцавала жыхарам пасёлка Шчэгліца Магілёўскага раёна.

У лічаныя гадзіны і гэта, на першы погляд несаліднае балота, ператварылася ў сапраўдную бурную раку, якая знесла каля 10 метраў дарогі - галоўнай артэрыі, якая злучае мясцовую вёску і райцэнтр.

Працы па аднаўленні - гэта амаль 600 кубаметраў пяску, жвіру будуць засыпаныя ў катлаван. Самазвалы выбудоўваюцца ў чаргу. А як інакш?! Бо іншай дарогі для мясцовых жыхароў няма. Шматлікія да родных трапяць толькі позна ўвечар, а то і ўвогуле раніцай.

Прадбачыць, дзе наступны раз ударыць стыхія, немагчыма. Таму дарожнікі імкнуцца паспець да новай хвалі. У цэнтры ўвагі - струхлелыя меліярацыйныя каналы, умацаванне шлюзаў, як, напрыклад, у вёсцы Косцінка.

Сіноптыкі Беларусі па-ранейшаму раяць не расслабляцца. На заўтра прагназуюць на большай частцы краіны навальніцы, ліўні і шквалістае ўзмацненне ветру да 20 м/сек. Паветраныя масы з Чорнага мора ахутаюць і сталіцу.

Да выхадных дажджоў стане менш, праўда, на змену ім прыйдзе 30-градусная спякота.