У Беларусі сабрана 4 мільёны 863 тысячы тон хлеба

11 августа 2021

Мільён тон збожжа намалацілі ў Брэсцкай вобласці. Мяжу пераступілі ў Баранавіцкім раёне.

У гаспадарцы "Птушкафабрыка Дружба" абмалацілі ўжо больш як 70 % плошчаў. Ураджайнасць - вышэй за сярэднюю па раёне - 45,8 цэнтнера з гектара. Гэта ўборачная для рэгіёна выдалася няпростай. З-за спякоты і недахопу вільгаці ў пачатку лета на палях высыхалі каласы. Каб мінімізаваць страты, аграрыям прыйшлося пачаць кампанію раней, чым запланавана, і адначасова збіраць ураджай адразу некалькіх культур. Выканаць задачу дапамаглі падрыхтаваныя кадры і тэхніка.

Завяршыў уборку збожжавых Столінскі раён Брэсцкай вобласці. На чарзе - Бярозаўскі і Іванаўскі.

Усяго ў краіне сабрана 4 мільёны 863 тысячы тон хлеба. Збожжавыя застаюцца яшчэ на 30 працэнтах плошчаў. Лідар па намалоце - Мінская вобласць - на яе рахунку 1 мільён 184 тысяч тон, па ўраджайнасці - Гродзенская - тут атрымліваюць 39,2 цэнтнера з гектара і ўжо сабралі 714 тысяч тон хлеба. Намнога хутчэй за мінулыя гады ідзе жніво ў самым паўночным рэгіёне краіны - тут ужо засвоена 65 працэнтаў плошчаў і намалочана 616 тысяч тон збожжа.

І нават у Шумілінскім раёне, які не ўваходзіць у лік жытніц рэгіёна з-за цяжкіх глебаў і складанага рэльефу палёў, з'явіліся першыя экіпажы-тысячнікі.