У Беларусі варта змякчаць пакаранне за невялікія правапарушэнні - з такой ініцыятывай выступілі члены грамадскага савета пры МУС. У Міністэрстве ўнутраных спраў прапанову падтрымалі і сёння тэму абмяркоўвалі ў пашыраным складзе. Плануецца, што лібералізацыя закране артыкулы, якія рэгулююць правілы дарожнага руху і грамадскага правапарадку. Так, адна з ініцыятыў - не штрафаваць вадзіцеляў, якія забылі правы дома. Або не караць з усёй строгасцю нецвярозых грамадзян, калі іх дзеянні не выходзяць за рамкі закона.
Ігар Шуневіч, Міністр унутраных спраў Беларусі: "Сёння можна ўжо гаварыць пра тое, што часам мы празмерна ўжываем адміністрацыйны прэс і можам цалкам сабе дазволіць, улічваючы крымінагеннае становішча ў краіне спакойнае, роўнае, некаторае змякчэнне гэтага прэсу".
Генадзь Давыдзька, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі, старшыня грамадскага савета пры МУС Беларусі: "Любая цывілізацыя, калі яна ўдасканальваецца, удасканальваецца ў бок лібералізацыі пакарання за правапарушэнні. І гэта гаворыць пра тое, што наша грамадства дасягнула такога ўзроўню, што парушэнняў не так шмат адбываецца. А па-другое, значыць, што мы ўжо можам змагацца словамі, а не толькі пакараннямі".
Прапанову аб змякчэнні пакарання сёння дапрацуюць на пасяджэнні грамадскага савета. Акрамя таго, кожны беларус зможа далучыцца да абмеркавання праз сайт Міністэрства ўнутраных спраў. Пасля гэтага папраўкі будуць прасоўвацца на ўзровень заканадаўства.













