У Беларусі сістэму электроннай рэгістрацыі іншаземцаў запусцяць да канца гэтага года

8 июня 2017

Працаваць яна будзе анлайн праз адзіны партал электронных паслуг. Пры гэтым захоўваецца і магчымасць асабістай яўкі. Тым больш што 5-дзённы бязвізавы рэжым павысіў цікавасць да нашай краіны.

Паводле слоў спецыялістаў, замежных гасцей сёння больш за ўсё прывабліваюць гістарычны і дзелавы турызм. Пра гэта сёння распавялі ў профільным міністэрстве прадстаўнікі тураператараў Канады і ЗША. Было адзначана, згодна са сціплымі падлікамі, заакіянскія турысты гатовыя штодня траціць ад 50 да 100 долараў без уліку пералёту і пражывання.

Тэрэза Вінчэстэр, кансультант турыстычнай кампаніі, Канада: "Першае, што ўразіла мяне ў вашай краіне, гэта вельмі смачная ежа, неверагодная гасціннасць беларусаў і чысціня вашай краіны. Упэўненая, маім суайчыннікам спадабаецца Беларусь. І асабліва іх уразіць гісторыя вашай краіны, у прыватнасці, Другая сусветная вайна. На жаль, некаторыя моманты застаюцца па-за праграмай універсітэтаў Канады. Для мяне было вялікім адкрыццём даведацца, што ўсе самыя асноўныя ваенныя дзеянні Другой сусветнай праходзілі на тэрыторыі вашай краіны. І загінуў кожны трэці беларус".

Алена Ліхімовіч, намеснік дырэктара Нацыянальнага агенцтва па турызме Беларусі: "Цікавасць да нашай краіны ёсць. Цікавасць ёсць як у галіне паломніцкага тура, настальгічнага турызму. Таксама для тых, якія аб'ездзілі ўжо шмат якія краіны, яны хочуць чагосьці новага. І мы для іх загадка. Такая краіна, якая быццам бы недалёка ад тых краін, якія яны ведаюць, але ў той жа час невядомая. Таму яны прыедуць, мы ўпэўненыя ў гэтым".

Нагадаем, з лютага ў Беларусі дзейнічае бязвізавы рэжым для грамадзян 80 дзяржаў. І за гэты час нашу краіну наведалі каля 23 тысяч турыстаў.