У Беларусі сёння ўспамінаюць трагедыю Хатыні

22 марта 2016

Гэтая беларуская вёска - адна з тысяч, якія былі спаленыя разам з жыхарамі. Тут 22 сакавіка 1943 года ў агні згарэлі 149 чалавек, 75 з іх - дзеці. Сёння Хатынь - гэта ўвасабленне скрухі і трагедыі беларускага народа, які за гады вайны страціў кожнага трэцяга. Сёння на месцы былой вёскі адкрыты мемарыял. Тут пабывалі больш як трыццаць шэсць з паловай мільёнаў чалавек з усяго свету.

Пра тое, што ніколі не забываецца, - Алена Борматава. Гваздзікі на прыцярушаны снегам граніт леглі сёння ў памяць аб спаленых жыхарах вёскі Хатынь. 73 гады таму тут спынілася жыццё. Але штогод 22 сакавіка на месцы трагедыі праходзіць дзень памяці. Сюды прыходзяць дарослыя і дзеці, аднагодкі загінуўшых у агні. Кветкі да вечнага агню ўскладаюць у памяць аб усіх мірных жыхарах, спаленых нацыстамі ў гады акупацыі.

Пайменна ўспомніць кожнага спаленага жыхара Хатыні. Аб іх сёння гучала малітва. 149 чалавек, 75 з якіх - дзеці, самаму малодшаму - Толіку Яскевічу - было ўсяго 7 тыдняў. Іх спальвалі ў калгаснай адрыне 12 на 6 метраў. Попел людзей захаваўся. Ён пад гранітнай плітой у выглядзе паваленага даху будынка.

Вуліцы вёскі Хатынь. Іх было тры. Без назвы. Адна галоўная і дзве папярочныя. Усе ішлі ў лес і пераходзілі ў прасёлкавую дарогу. Пры стварэнні мемарыяла кірунак хатынскіх вуліц архітэктары не змянялі. Суаўтарамі Занковіча, Градава і Левіна выступала хатынская паляна. Тут нават усе дрэвы на сваіх месцах.

Аўтары не змянілі ні сантыметра прыроднага ландшафту Хатыні. Уздоўж і ўпоперак абышлі 49 гектараў тэрыторыі, каб знайсці падмуркі ўсіх 26 хат. На месцы вясковых хат - абеліскі са званамі.

Зямля, на якой жыхары Хатыні вырошчвалі хлеб, стала адзінымі ў свеце могілкамі спаленых вёсак. Тут захоўваецца зямля 185 спаленых беларускіх сёлаў. 186-я - сама Хатынь. І яе зямля сёння перададзеная для размяшчэння ў крыпце храма-помніка Усіх Святых.

Цырымонія размяшчэння зямлі Хатыні як сімвала тысяч спаленых нацыстамі беларускіх вёсак у крыпце храма-помніка пройдзе 9 мая.