У Беларусі сёння адзначаюць Міжнародны дзень абароны дзяцей

1 июня 2019

Гэта свята не толькі для маленькіх беларусаў, але і бацькоў. За мінулы год у нашай краіне з'явілася на свет каля 94 тысяч немаўлят. Хлопчыкаў нарадзілася  48 тысяч, дзяўчынак - крыху менш. Па ўсёй краіне сёння праходзілі тэматычныя канцэрты, конкурсы, спаборніцтвы. Асаблівыя пачуцці радасці  гэта свята прынесла наваспечаным татам і мамам. Для тых, у каго ў сям'і дзень нараджэння. Святлана Чарнова  аб кранальных, шчырых і непасрэдных поглядах. 

На гэтых кадрах малышцы ўсяго 11 гадзін. Дзяўчынка вагой амаль 3 з паловай кілаграмы ў радзільным аддзяленні 3-й гарадской клінічнай бальніцы з'явілася на свет у першыя хвіліны свята. Так што Міжнародны дзень абароны дзяцей гэтая сям'я сустрэла ў поўным складзе і з добрым настроем, нягледзячы на бяссонную ноч.

З імем вызначыліся: дзяўчынку назвалі Іліянай. Імя рэдкае і незвычайнае для нашай краіны, як напрыклад, Лея, Відана, Тэона або Люцыян Франц. А вось у топе імёнаў гэтага года сярод нованароджаных беларусаў  Сафія, Марыя, Ганна, Ксенія і Аліса. Сыноў жа часцей называюць Арцёмам, Кірылам, Максімам, Міхаілам або Даніілам. 

Усю разнастайнасць дзіцячых імёнаў сёння можна было сустрэць у парку імя Горкага. Тут ужо  шосты раз да Міжнароднага дня абароны дзяцей адкрываецца сямейны фестываль "Горад шчаслівых людзей". 30 забаўных астраўкоў - ад спартыўнай тэматыкі да творчай. У праграме і акрабатычныя перформансы.

Наведвальнікі танцавалі, гулялі ў фларбол, боўлінг і паветраны футбол.

Яўген Гурыновіч, арганізатар фестывалю "Горад шчаслівых людзей":

 "Мы робім гэты фестываль з мэтай, каб людзі станавіліся больш шчаслівымі. І калі вы пройдзеце па астраўках, то заўважыце, што праводзяць яго шчаслівыя людзі".

Фестываль "Горад шчаслівых дзяцей "сапраўды апраўдвае сваю назву. Дарэчы, святочная праграма чакае гасцей і заўтра.

У гасцей свята ёсць магчымасць пазмагацца за галоўны прыз фестывалю. Для гэтага трэба атрымаць у інфацэнтры вось такі даведнік па забаўных астраўках, у кожнага выканаць заданне і атрымаць наклейку. Як толькі картка будзе запоўненая, арганізатары ўручаць мяшок з прысмакамі і сувенірамі.

Свята зазірнула сёння і ў Цэнтр дзіцячай анкалогіі, дзе адкрылі новую лабараторыю генетычных біятэхналогій. Тут будуць распрацоўваць новыя метады дыягностыкі і імунатэрапіі, у тым ліку супрацьпухлінныя вакцыны. Памяшканне папоўняць абсталяваннем у жніўні. Больш за 80 % яго набыта за кошт сродкаў Белаграпрамбанка. Ужо да канца гэтага года тут прымуць першых пацыентаў.

А гэтыя маленькія-экстрэмалы - падапечныя дзіцячага хоспіса - сустракалі свята напярэдадні ў верталётным клубе. Разам з бацькамі яны ўзялі ўдзел у захапляльным моташоу. Дзеці фатаграфаваліся з гоначнымі аўто і нават пракаціліся разам з байкерамі. Шчырыя погляды дзяцей не дадуць схлусіць - гэты дзень, безумоўна,  папоўніць іх скарбонку незабыўных падзей.