У Беларусі з лютага індывідуальнаму прадпрымальніку па-новаму разлічаць адзіны падатак

11 января 2019

Падыходы змяніў абноўлены Падатковы кодэкс. Зараз у краіне для ІП уводзіцца адзіны рэгіянальны прынцып адрознення ставак. Г.зн. асобна для сталіцы, абласных, раённых і іншых тэрыторый. Гэта азначае, што прадпрымальнік, да прыкладу, раённага цэнтра, заплаціць у казну аднолькавую суму, незалежна ад таго, у якім раёне краіны ён працуе. Раней у мясцовай улады было больш паўнамоцтваў змяняць падатковыя стаўкі на сваёй тэрыторыі. Зараз жа кодэкс прапісаў адзіныя. Іх можна толькі паменшыць. Максімум - удвая.

Як адзначылі ў профільным міністэрстве, падатковая нагрузка на ІП застанецца на ўзроўні мінулага года.

Міхаіл Расолька, начальнік галоўнага ўпраўлення Міністэрства па падатках і зборах Беларусі: "З лютага прадпрымальнікі будуць выплачваць адзіны падатак па тых стаўках, якія будуць найбольш нізкімі. Калі Падатковым кодэксам усталяваная стаўка, напрыклад, 100 рублёў, а Савет дэпутатаў устанавіў стаўку 110 рублёў, то стаўка заўсёды будзе выплачвацца найменшая. Можна сказаць, што ў 19 і 20 годзе індывідуальным прадпрымальнікам - плацельшчыкам адзінага падатку - гарантуюць, што стаўка найбліжэйшыя два гады павышацца не будзе. Па сутнасці, яны будуць плаціць стаўку, якую выплачвалі ў 18 годзе".

А тым прадпрымальнікам, хто плаціў адзіны збор, дазволяць выбіраць падатковы рэжым - спрошчаную сістэму, агульную альбо выплату адзінага падатку, як і раней. Галоўнае - апавясціць сваю інспекцыю. Гэта трэба зрабіць да канца студзеня.