У Беларусі з 1 жніўня вырастуць памеры мінімальных працоўных і сацыяльных пенсій

30 июля 2015

Іх павелічэнне звязана з ростам бюджэту пражытачнага мінімуму: плюс 6,4% да нарматыву, які дзейнічае апошнія тры месяцы. Адпаведна на гэтую ж велічыню падрастуць і памеры мінімальных пенсіённых выплат, а таксама надбаўкі, павышэнні і даплаты, усталяваныя да пенсій асобных катэгорый грамадзян. Акрамя таго, праіндэксуюць і даплаты да пенсій непрацуючых пажылых беларусаў. Дадатковыя штомесячныя надбаўкі прадугледжаны для тых, каму ад 75 да 80 гадоў і для грамадзян, якія перасягнулі 80-гадовую мяжу.

Таццяна Юшкевіч, начальнік упраўлення комплекснага аналізу Міністэрства працы і сацыяльнай абароны:

"У сувязі з павелічэннем бюджэту пражытачнага мінімуму з 1 жніўня павялічацца мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі, надбаўкі і павышэнні да пенсій, а таксама даплаты асобам старэйшых узростаў. І ў цэлым гэта павышэнне складзе 6,4%. Што тычыцца працоўных пенсій, то Кіраўнік дзяржавы даручыў спланаваць павышэнне пенсій з 1 верасня 2015 года ў сярэднім на 5%. Праца над гэтым сёння вядзецца".

Дадатковыя выдаткі на выплату пенсій у Беларусі з 1 жніўня, паводле ацэнак экспертаў, складуць 18 мільярдаў рублёў. А ў цэлым на пенсіённыя выплаты спатрэбіцца амаль 7 трыльёнаў бюджэтных сродкаў штомесяц.