У Беларусі развіваюцца профільныя класы аграрнай накіраванасці

22 декабря 2018

Новаўвядзенні ў адукацыі для эфектыўнай работы аграпрамысловага комплексу! У Беларусі развіваюцца профільныя класы аграрнай накіраванасці. Як у гарадскіх, так і ў сельскіх школах краіны больш за тысячу вучняў атрымліваюць такія веды, а ўмацоўвае іх практыка на сельгаспрадпрыемствах. У старшакласнікаў ёсць магчымасць паступіць у профільныя ВНУ, а ў перспектыве стаць спецыялістамі. Пра выбар прафесіі і падрыхтоўку кадраў для АПК - Аляксей Кандраценка.

Суніцы, вішня або сліва! Толькі на такіх занятках даведаешся ўвесь навукова-практычны "смак" гэтых і іншых культур. З восені дзесяцікласнікі Дзераўнянскай сярэдняй школы паклалі ў свой "кошык" веды з раслінаводства. Зіма - перыяд для жывёлагадоўлі.

Зрэшты, у гэтага класа акрамя факультатыўнай ёсць і асноўная вучэбная спецыялізацыя.

Адукацыя па сельскагаспадарчай тэматыцы - справа вядомая, але самі аграрныя класы - з'ява адносна новая. Сёлета па ўсёй краіне іх адкрылі ў двухстах дзвюх школах. Больш за ўсё агракласаў у Магілёўскай вобласці.

У цэнтральным рэгіёне іх 37. Самыя вялікія - у Крупскім, Барысаўскім раёнах. Адметны ў АПК і Стаўбцоўскі, дзе аграрыі з гаспадаркі "Дзераўное" з задавальненнем дзеляцца са школьнікамі сваім вопытам. А тым, хто будзе вучыцца ў профільнай ВНУ, і дадатковай стыпендыяй дапамогуць.

Пакуль жа старшакласнікі вызначаюцца з дакладным выбарам прафесіі.

Дзераўнянская школа супрацоўнічае з аграрна-тэхнічным універсітэтам у Мінску амаль 20 гадоў. Прычым такая кааперацыя прыносіць добры плён.

Наперадзе яшчэ другая палова навучальнага года. А ўжо ўлетку веды па аграрнай тэматыцы вучні змогуць замацаваць падчас працяглай практыкі ў Беларускім аграрна-тэхнічным універсітэце.