У Беларусі распрацаваны першы геатэрмічны атлас нашай краіны

13 Лютага 2016

У яго склад увайшло каля 50 падрабязных карт. На іх навочна паказана, дзе можна выкарыстоўваць аднаўляльныя рэсурсы з геатэрмальных свідравін. Пакуль праект на тэарэтычнай стадыі, але ўжо сёння энергію здабываюць у 150 месцах. Падрабязней - Таццяна Кароль.

Гэта свідравінны тэрмометр. Ён выкарыстоўваецца для вымярэння тэмпературы па ствале свідравіны. На градуснік не вельмі падобна, але гэты тэрмометр з дакладнасцю да градуса паказвае, якая тэмпература зараз на глыбіні кіламетра. Прыладу распрацавалі беларускія навукоўцы, аналагаў у краіне няма.

Алена Васілёнак, інжынер аддзела геафізікі НПЦ па геалогіі: "Звесткі, атрыманыя гэтым свідравінным тэрмометрам, мы спачатку аналізуем, адбракоўваем і выкарыстоўваем для стварэння карт, размеркавання тэмператур і шчыльнасці геатэрмальных рэсурсаў".

Калі прасцей, геатэрмальныя рэсурсы - гэта цяпло ўнутры зямлі. У гэтай лабараторыі яго навучыліся выкарыстоўваць для абагравання дамоў. Уладзімір Зуй даследаванню прысвяціў большую частку жыцця. Вынік сумеснай з іншымі навукоўцамі працы даўжынёй на 40 гадоў - першы геатэрмічны атлас Беларусі.

Уладзімір Зуй, прафесар геаграфічнага факультэта БДУ: "Геатэрмальная энергія даўно прыцягвала ўвагу чалавецтва. Яшчэ з тых дагістарычных часоў людзі выкарыстоўвалі тэрмальныя выхады для лячэбных мэт, для бытавых мэт. Зараз у рэспубліцы дзейнічае каля 150 геатэрмальных установак".

Геатэрмальная сістэма абагравання працуе па прынцыпе халадзільніка, толькі наадварот. Ролю маразільніка іграе выпарнік, ён знаходзіцца глыбока пад зямлёй. Спецыяльны кандэнсатар даводзіць паветра або ваду да патрэбнай тэмпературы, у выніку дом на 75% ацяпляецца энергіяй навакольнага асяроддзя - і ні аднаго спаленага кілавата электраэнергіі. Каштуе ўстаноўка нятанна - каля 20 000 еўра, але затое энергія абсалютна чыстая і, што не меней важна, аднаўляльная.

Літаральна два месяцы таму на Сусветнай канферэнцыі ААН 36 дзяржаў аб'явілі пра стварэнне міжнароднага геатэрмальнага альянсу. Беларусь пакуль у гэты склад не ўвайшла, аднак, магчыма, стварэнне геатэрмальнага атласа Беларусі - гэта першы крок на шляху выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі.