Снегападу ў Беларусі супрацьстаяць камунальныя службы. Толькі на мінскіх вуліцах задзейнічаны каля 700 адзінак тэхнікі. Ачышчаюць праезную частку і тратуары, пешаходныя пераходы і прыпынкі грамадскага транспарту.
Ва ўзмоцненым рэжыме працуюць таксама энергетыкі. Больш за ўсё перабояў у электразабеспячэнні ў населеных пунктах Лагойскага, Слуцкага, Барысаўскага і Чэрвеньскага раёнаў. Як службы спраўляюцца з прыродным форс-мажорам, даведаўся Ілья Цвяткоў.
Аўтамабілі пад снегам і дрэвы, закутаныя ў белую коўдру. Усе глядзелі прагноз надвор'я, але, напэўна, уявіць сабе не маглі, што Мінск накрые такая сапраўдная лавіна. Яшчэ ўчора спявалі птушкі і было па-вясноваму цёпла, а ўжо сёння ўсё гэта выглядае зусім інакш.
Разгул снежнай стыхіі ў сталіцы - ньюсмейкер 28 сакавіка. Дарога на працу для многіх стала сапраўдным зімовым квестам. Сацыяльныя сеткі запоўненыя снежнымі відэа.
Снежнай хваляй накрывае і дарогі. У ДАІ Мінска - аператыўныя рэкамендацыі для вадзіцеляў - як перамяшчацца ў завіруху. Да страты кіравання можа прывесці любы рэзкі манеўр, калі колы губляюць счапленне па снежнай кашы... Прычынай ДТЗ часта становяцца рэзкія тармажэнн і невыкананне дыстанцыі.
Дарожныя службы Мінска яшчэ ноччу выехалі на ўборку магістраляў. Ачышчаюць іх ад снегу, апрацоўваюць соллю, прыводзяць у парадак і прыпыначныя пункты. На сталічных вуліцах задзейнічана больш за 700 адзінак тэхнікі. У дапамогу ім амаль 800 работнікаў.
Брыгады камунальнікаў ачышчаюць і двары з самай раніцы. Асаблівую ўвагу надаюць апрацоўцы рэагентамі лесвіц, пешаходных дарожак, пляцовак каля ўваходаў у пад'езды. Для ачысткі праезнай часткі і парковачных месцаў выкарыстоўваюць спецтэхніку.
Ва ўзмоцненым рэжыме працуюць і энергетыкі. Электразабеспячэнне было парушана ў больш як 120 населеных пунктах (пераважна ў Мінскай вобласці). Больш за ўсё ад моцнага ветру і снегападаў пацярпелі Барысаўскі, Лагойскі, Слуцкі і Чэрвеньскі раёны.
Зараз аднаўленчыя работы энергетыкаў працягваюцца. Задзейнічана больш за 20 адзінак тэхнікі.













