У Беларусі прайшлі парламенцкія выбары. Як гэта было?

18 ноября 2019

Дзень галасавання за кандыдатаў у дэпутаты ў краіне прайшоў ярка, а ў некаторых населеных пунктах незабыўна. На месцах да працэсу арганізацыі выбараў імкнуліся падысці крэатыўна - дзесьці з канцэртамі, дзесьці з конкурсамі.

Карціну дня сабраў Яўген Горын. Выбарчы ўчастак 506 рэпарцёры называюць нумар 1. Традыцыйна Прэзідэнт робіць свой выбар менавіта тут - у Беларускім універсітэце фізічнай культуры.

Ажыятажны наплыў журналістаў - а ў дзень галасавання іх сабралося каля сотні - свабоднаму волевыяўленню на ўчастку не перашкодзіў. Прастору ўладкавалі максімальна эфектыўна. Выбаршчыкі без перашкод апускалі бюлетэні ў скрыню для галасавання, у той час, як Кіраўнік дзяржавы адказваў на пытанні СМІ. Акрамя прэсы Прэзідэнт пагутарыў з назіральнікамі, членамі выбаркама. А журналісты спрабавалі даведацца, што Аляксандр Лукашэнка падарыў бабулі, якая галасавала. У белай скрынцы быў шакалад. Смак свята 17 лістапада адчуваўся і на іншых участках, нават самых нечаканых.

Выбаршчыкі разлічваюць на эфектыўных дэпутатаў

Хто, калі не мамы, заклапочаныя будучыняй сваіх дзяцей? Некаторым малым усяго суткі. У спісе 267 жанчын. І траціна з іх прагаласавала ўжо з самай раніцы. Высокая яўка не толькі на месцах, у рэгіёнах. Выбарчыя ўчасткі ў сталіцы і абласных цэнтрах 17 лістапада - тое самае месца, дзе без запісу на прыём сустрэнеш чыноўнікаў любога рангу. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава і прагаласавала, і пагутарыла з журналістамі, паказаўшы станоўчы прыклад - важна актыўна ўдзельнічаць у жыцці краіны, бачыць праблемы грамадзян, вырашаць іх.

Кіраўнік ніжняй палаты парламента Уладзімір Андрэйчанка на выбарчы ўчастак прыйшоў разам з жонкай. У сёмым скліканні парламента яны ставяць на прафесіяналаў, людзей справы. Старшыня верхняй палаты Міхаіл Мясніковіч з імі згодны.

У дзень выбараў бацькі школьнікаў выйшлі на старт сямейнай эстафеты

Нестандартны падыход - канёк выбарчых участкаў у 12-ай віцебскай школе. Галасаванне, а потым спартыўная эстафета з ахвочых. Пяць каманд - гэта нямала. Пакуль тата змагаецца за лідарства, мама і дзеці падбадзёрваюць у групе падтрымкі. Анатоль Ярмоленка на ўчастак для галасавання паехаў адразу з аэрапорта. Артыст-легенда, яшчэ з саставу "Сяброў", галасуе, нягледзячы на гастролі. А з нагоды можна праспяваць і для выбарчай камісіі - падстава добрая.

У рэгіёнах дзень галасавання прайшоў ярка

Сапраўдным святам выбары сталі і ў Гродне. На многіх участках гараджан чакалі забаўныя праграмы. Адна з іх - "Музычны марафон" у каледжы мастацтваў.

17 лістапада ў Беларусі стаў яркім днём і вялікай падзеяй не толькі з пункта погляду важнасці выбару сёмага склікання Палаты прадстаўнікоў, але і ўмення арганізаваць працэс галасавання годна і з элементамі добрага свята.


Тэгі:

#Выборы 2019