У Беларусі прайшла рэспубліканская акцыя "Чысты лес"

7 октября 2017

Сёння тысячы беларусаў прачнуліся раніцай дзеля добрай справы. Выхадны яны вырашылі правесці на прыродзе, узяўшы з сабою пальчаткі і пакеты для смецця. Так людзі падтрымалі рэспубліканскую акцыю "Чысты лес". Больш за 30 тысяч чалавек прыбіралі буралом, бытавое смецце і добраўпарадкоўвалі месцы адпачынку. Дзень з карысцю разам з усімі правёў і Аляксандр Харавец.

Па сутнасці, гэта эксклюзіўныя кадры. Як правіла, супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю адзначаюць недахопы ў працы таго або іншага прадпрыемства. Сёння ўсё крыху інакш - ужо галоўнаму кантралёру краіны распавядаюць пра фронт работ па навядзенні парадку ў гэтым лясным масіве. І літаральна на вачах здымачнай групы зараснікі ператварыліся ў сапраўдны парк. Больш за сотню чалавек рэзалі, зносілі ў кучы і спальвалі падрост і сухастой.

Буйныя сухія дрэвы загружалі ў прычэпы. Гэтая драўніна падыходзіць на дровы.

Вось гэтая тэхніка ператварае кусты ва ўгнаенне. Тут галінкі здрабняюцца і раскідваюцца паміж дрэвамі. Літаральна за зіму вось гэтае своеасаблівае смецце перагніе і ператворыцца ў пажыўнае асяроддзе для ягад і грыбоў.

Нягледзячы на халаднаватае надвор'е, у беларускіх лясах сёння было па-сапраўднаму горача. Леснікі, студэнты, валанцёры, прадстаўнікі дзяржустаноў і проста неабыякавыя да праблем экалогіі наводзілі парадак сярод зялёных насаджэнняў. Усяго больш за 30 тысяч чалавек.

Беларусь лічыцца адной з самых зялёных краін Еўропы. Лес займае амаль 40 % усёй тэрыторыі. І з кожным годам колькасць зялёных насаджэнняў павялічваецца.

Сёння леснікі адзначаюць, наступствы леташняй стыхіі, якая знішчыла каля 16 тысяч гектараў лесу, цалкам ліквідаваны. І паступова тут з'яўляюцца новыя насаджэнні.

Як адзначаюць самі ўдзельнікі акцыі, па чыстым лесе прыемна не толькі гуляць, але і збіраць грыбы. Дарэчы, шматлікія сёння паспелі не толькі навесці парадак на ўзлесках, але і адкрыць новыя грыбныя месцы.