У Беларусі прайшоў Міжнародны турнір фельчараў хуткай дапамогі

30 ноября 2019
Выратаваць 10 жыццяў за адзін дзень. У Беларусі прайшоў Міжнародны турнір фельчараў хуткай дапамогі. За званне лепшага змагаліся паўсотні медыкаў з Беларусі, Украіны і Польшчы.  Арганізатары стварылі для іх самыя розныя сюжэты экстранных выклікаў. Задача канкурсантаў - хутка і дакладна паставіць дыягназ і аказаць неабходную дапамогу. 

Наш карэспандэнт Юлія Грызунт таксама пабывала на конкурсе і асабіста ацаніла здольнасці беларускіх медыкаў.  Загарадны дом, трое падлеткаў, аднаго безупынна ванітуе, двое пры смерці. Па шпрыцах на стале ясна: гэта перадазіроўка наркотыкамі. На шчасце, сітуацыя змадэляваная. Сёння ўсе пацыенты - акцёры. Але нягледзячы на гэта дапамагчы трэба па-сапраўднаму. Умовы створаныя ад і да - аж да маці пацыента, якая літаральна б'ецца ў істэрыцы і перашкаджае працаваць медыкам. 

Наступнае заданне - не меней складанае. Чалавек страціў прытомнасць на вуліцы. Гэта ўся інфармацыя, якую атрымалі фельчары па тэлефоне. Побач - вогнішча і электрашчыт, якія аказаліся не падказкамі. Наадварот, збівалі з панталыку медыкаў. Насамрэч герой гэтага сюжэту падавіўся, кавалак ежы захраснуў у горле. Каб высветліць гэта, у фельчараў была ўсяго пара хвілін, да таго як гіпатэтычны пацыент задыхнецца. Наколькі аператыўна і дакладна пастаўлены дыягназ, вырашае журы. 


За званне лепшага змагаліся медыкі з Беларусі, Украіны і Польшчы 


Паўдзельнічаць у конкурсе прыехалі таксама польскія медыкі. Каб усё было сумленна, іх працу ацэньвалі паводле рэгламентаў польскай хуткай дапамогі. Абсталяванне і карэта - таксама іх мясцовай вытворчасці. Галоўная задача фельчараў - правільна паставіць дыягназ. Падказак амаль няма. Напрыклад, гэтаму пацыенту хуткую выклікала дзяўчына з іншай краіны. Яму стала блага падчас гутаркі па скайпе. Распавесці, што здарылася, яна можа толькі анлайн і на замежнай мове. 

Спаборніцтвы фельчараў штогод праходзяць ва Украіне. Нярэдка на конкурс у краіну-суседку прыязджалі і нашы медыкі. І вось упершыню спецыялісты з Беларусі, Украіны і Польшчы сустрэліся ў нас. Для ўсіх умовы аднолькавыя. Некаторыя пункты выкліку - на вуліцы, проста каля возера, нягледзячы на дождж і мінус два градусы. Усё, як і ў жыцці: выклікі не выбіраюць. Яраслаў Мудрэцкі, урач хуткай дапамогі, прызнаецца: калі выпадкі такія цяжкія, як сёння, пра холад забываеш.

За званне лепшага змагаліся паўсотні фельчараў. Гэта 13 брыгад. А яшчэ дзясяткі іх калег выступілі ў ролі журы і пацыентаў. І гэта тыя спаборніцтвы, дзе складана сказаць, што перамог наймацнейшы. Амаль усе брыгады выратавалі сваіх гіпатэтычных пацыентаў. А ўжо заўтра вернуцца на працу, дзе ўсё тое ж самае, толькі не на камеру і не за балы, а за просты дзякуй, які для іх нашмат важнейшы за першае месца.