У Беларусі праходзіць серыя дабрачынных забегаў

2 сентября 2017

У краіне ў гэтыя выхадныя праходзіць серыя дабрачынных забегаў, галоўнай мэтай якой з'яўляецца дапамога тым, хто мае патрэбу ў ёй. Усе сабраныя сродкі будуць пералічаныя Рэспубліканскай дзіцячай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі ў Астрашыцкім гарадку. Да ўдзельнікаў акцыі як раз і далучылася сёння Астрашыцка-Гарадоцкая сярэдняя школа. У забегу прынялі ўдзел яе педагогі і вучні, у тым ліку і малодшы сын Кіраўніка дзяржавы Мікалай Лукашэнка. Бегавы выклік прыняла таксама вядомая біятланістка, чэмпіёнка Еўропы Вольга Назарава. У выпадку, калі сумарна ўдзельнікі акцыі прабягуць 100 тысяч кіламетраў, адзін з вядучых мабільных аператараў краіны пералічыць цэнтру рэабілітацыі сто тысяч беларускіх рублёў.

Дар'я Богдан, удзельніца дабрачыннага забегу: "Я вельмі рада, што ў нас ёсць такая магчымасць, таму што не заўсёды ёсць матэрыяльныя сродкі, каб дапамагчы людзям, а яны трапілі ў бяду, ім гэта неабходна, таму для іх я бегу сёння".

Галіна Радывонава, галоўны ўрач Рэспубліканскай дзіцячай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі: "Калі ўсё робіцца дзеля дзіцяці, дзеля таго, каб усё ж вярнулася шчасце ў гэтую сям'ю, каб дзіця вярнулася да жыцця, каб якасць жыцця яго стала лепшай, вы ведаеце, любыя сродкі добрыя. А тое, што робіцца зараз з дапамогай гэтай акцыі, гэта ж дзеля цябе самога. Звычайна нават цяжка неяк грошы збіраць, а тут - адкрый душу, хай тваё сэрца застукае неабыякава і прымі ўдзел у гэтым цудоўным прабегу".

Таксама сёння падобныя забегі праходзяць па ўсёй краіне - у Мінску, Брэсце, Гродне, Магілёве, Баранавічах, Салігорску і Барысаве. Прыняць удзел у іх можа кожны ахвочы. Вынікі ў выглядзе скрыншота з указаннем даты і кіламетражу трэба выкласці ў сацсеткі з хэштэгам #velcombegom. Прадоўжыцца дабрачынная акцыя да 4 верасня ўключна.