У краіне праходзіць акцыя МНС "Бяспечны Новы год!"

12 декабря 2019
Напярэдадні калядных і навагодніх святаў супрацоўнікі МНС выйшлі ў рэйды па гандлёвых аб'ектах. Мэта - праверыць сертыфікацыю піратэхнікі, якая паступіла ў продаж, і правілы яе захоўвання. Так, адказ перад спецыялістамі Дзяржпрамнагляду і ратавальнікамі трымалі прадстаўнікі гомельскага гандлю. У першы дзень рэйдаў ніводнага парушэння зафіксавана не было. Пры гэтым праверкі працягнуцца і будуць ісці аж да Новага года. Дарэчы, з пачатку года па ўсёй краіне зарэгістравана 34 няшчасныя выпадкі, 11 з пацярпелых - дзеці. Часцей за ўсё траўмы атрымлівалі з-за парушэння тэхнікі бяспекі падчас выкарыстання піратэхнікі.

Дзяніс Крук, начальнік цэнтра Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Беларусі: "Першым чынам неабходна вывучыць інструкцыю да піратэхнічнага вырабу. Прачытаць правілы ўстноўкі, вывучыць мясцовасць. Пры выбары мясцовасці неабходна рабіць акцэнт на тое, каб побач не было дрэў, будынкаў. Калі піратэхнічны выраб не спрацаваў, ні ў якім разе на працягу 20 хвілін да яго не падыходзіць і паўторна катэгарычна забаронена падпальваць".

Праверка гандлю - частка маштабнай рэспубліканскай акцыі "Бяспечны Новы год!". Прафілактычны марафон прадугледжвае чатыры этапы, падчас якіх супрацоўнікі МНС з размовамі наведаюць цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дамы сямейнага тыпу, санаторыі, школы, бальніцы і шэраг іншых устаноў.