У Беларусі праходзіць акцыя "Чысты лес"

20 октября 2018

Больш як 35 тысяч валанцёраў па ўсёй краіне прыбіраюць смецце ў лясным фондзе і ўздоўж прыдарожных палос, а таксама чысцяць прыбярэжныя зоны, добраўпарадкоўваюць дэндрапаркі і мемарыялы. Супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі таксама правялі суботнік у рамках акцыі.

Выбар Хатыні ў якасці галоўнай пляцоўкі спецыялістамі дзяржкантролю зроблены невыпадкова. У прылеглым да мемарыяла лясным масіве яны наводзілі парадак. Году малой радзімы і святкаванням 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў свой сённяшні візіт у Хатынь прысвяцілі і больш як паўсотні супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі. Прадстаўнікі цэнтральнага апарата камітэта, грамадзянскай часткі і дэпартамента фінансавых расследаванняў на чале са старшынёй структуры Леанідам Анфімавым прайшлі па знакавых месцах мемарыяльнага комплексу і ўсклалі кветкі да Вечнага агню.

Да экамарафону сёння далучыліся таксама кіраўнікі органаў дзяржкіравання. Так, калектыў Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі сёння раніцай высаджваў японскія вербы ля заказніка "Лебядзіны". Кіраўнік Адміністрацыі Наталля Качанава разам са сваім першым намеснікам Максімам Рыжанковым асабіста падрыхтавалі лунку для першай высадкі і высадзілі дрэва. Зараз уздоўж праспекта Пераможцаў з'явілася новая алея з 20 японскіх шарападобных вербаў і 800 кустоў. Дарэчы, акцыя "Чысты лес" праводзіцца штогод па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі з 2010 года. Галоўная мэта акцыі - выхаванне беражлівага стаўлення да галоўнага прыроднага рэсурсу краіны. Лясы ў Беларусі займаюць амаль 40 працэнтаў тэрыторыі.