У Беларусі працягваецца працэс аб'яднання прафсаюзаў

31 мая 2016

Больш магчымасцяў і гарантый для работнікаў. У Беларусі працягваецца працэс аб'яднання прафсаюзаў. Напярэдадні ў беларускай сталіцы на маштабным форуме сабраліся работнікі энергетыкі, паліўнай, нафтавай і газавай прамысловасці. Па сутнасці гэты з'езд стаў пачатковым пунктам у агульнай гісторыі прафсаюзаў гэтых галін. А ўжо сёння галоўны лейтматыў "Разам можна лепш" аб'яднаў тых, для каго сталі прафесіяй прыродакарыстанне, геатэхналогіі і лес. Расказвае Улада Карніцкая.

Дзякуючы гэтым людзям у доме кожнага беларуса цёпла і светла. Ужо больш як чвэрць стагоддзя Эдуард Сіліцкі працуе ў сферы энергетыкі. Як чалавек сямейны ўпэўнены: атмасфера дома важная, таму ўжо некалькі гадоў запар становіцца старшынёй камітэта цэха на гэтай ЦЭЦ. Менавіта ён дапамагае сваім калегам скарыстацца ўсімі бонусамі ад прафсаюза - большасць з іх для здаровага і культурнага баўлення сямейнага вольнага часу.

Усімі гэтымі бонусамі толькі тут карыстаюцца больш за 1 800 чалавек - менавіта столькі ў прафсаюзе. Акрамя таго, усе яны аб'яднаныя і калектыўным дагаворам, які для кожнага - гарантыя выканання іх правоў і абавязкаў.

На кожным прадпрыемстве нашай краіны пра такія даплаты з наймальнікам дамаўляюцца прафсаюзы. Зараз пагадненні заключаць будзе прасцей, як і атрымаць любыя сацыяльныя бонусы. Прынамсі, для тых, хто працуе ў сферы энергетыкі. Напярэдадні прафсаюзы гэтай галіны аб'ядналіся з прафсаюзамі работнікаў нафтавай і газавай галіны.

Зараз новы прафсаюз - гэта каля 130 тысяч чалавек. Такое аб'яднанне, абяцаюць спецыялісты, у пазітыўным сэнсе адчуе на сабе кожны работнік. Бо галоўная мэта зліцця - якасна і аператыўна вырашаць так званыя рабочыя пытанні.

А ўжо сёння ў сталічнай штаб-кватэры галоўны лейтматыў "Разам можна лепш" аб'яднаў тых, для каго сталі прафесіяй прыродакарыстанне, геатэхналогіі і лес. Маштабны форум стаў пачатковым пунктам аб'яднання прафсаюзаў гэтых галін, а гэта больш чым 100 тысяч чалавек па ўсёй краіне.

Рашэнне аб мадэрнізацыі ўсёй структуры прафсаюзаў было прынятае каля года таму. Ужо зараз прайшлі чатыры аб'яднальныя форумы. Акрамя энергетыкаў і леснікоў, аб'ядналіся яшчэ работнікі чыгункі, авіяцыі і транспарту, а таксама аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудавання.

Мадэрнізацыя структуры прафсаюзаў, па планах, завершыцца максімум праз паўгода.