У Беларусі працягваецца прыём грамадзян

6 сентября 2017

Сёння на пытанні адказвалі дзяржслужачыя. Кола тэм шырокае: праца з дапаможнымі гаспадаркамі, прыватызацыя жылля ў сельскай мясцовасці і маёмасныя праблемы, звязаныя са спадчынай. Гэта невялікі пералік пытанняў, які ўзнімаўся сёння падчас прыёму ў віцэ-прэм'ера Міхаіла Русага. У сутнасці кожнай праблемы разбіраліся яшчэ напярэдадні, дэталёва вывучыўшы ўсе дасланыя дакументы. Працягваецца і практыка выязных прыёмаў Адміністрацыяй Прэзідэнта. З аднаго боку, гэта дазваляе аператыўна вырашаць праблемныя пытанні, з другога - аб'ектыўна ацэньваць сітуацыю на месцах. Весці дыялог напрамую па самых вострых тэмах - патрабаванне Прэзідэнта. Вядома, гутарка далёка не заўсёды бывае простай і прыемнай, але важна пачуць кожнага і даць зразумець, што ўлада адкрытая і даступная. Што хвалюе беларусаў - пачула Святлана Лук’янюк.

Застацца без грошай, жылля і фактычна без правоў на свае квадраты. Адразу некалькі сем'яў, сярод якіх і шматдзетныя, 7 гадоў таму ўклалі назапашанае ў будаўніцтва новых кватэр у доме па вуліцы Курганнай у Мінску. Але радаваліся нядоўга. Зямля першапачаткова выдзялялася пад асабняк, але двое ўласнікаў участка вырашылі падзарабіць і ператварыць яго ў трохпавярховы 20-кватэрны дом.

З гэтай няпростай сітуацыяй ініцыятыўная група сёння дайшла да Адміністрацыі Маскоўскага раёна на прыём да памочніка Прэзідэнта, старшага інспектара па Мінску. Сітуацыю з ашуканымі дольшчыкамі тут жа ўзялі на кантроль.

Каб расставіць усе кропкі над "і", зразумела, трэба час. Пытанне няпростае, але яго вырашэння чакаюць шмат сем'яў.

Са сваімі праблемамі і прапановамі ў Мінск прыязджаюць з усіх абласцей, часта не знайшоўшы адказу ў мясцовай вертыкалі. Папярэдне адпраўляюць усе дакументы на разгляд, каб асабісты прыём не пачынаўся з чыстага ліста, а рашэнне было знойдзена хутчэй.

Гэта вёска Петрусоўшчына ў Валожынскім раёне. Тут самае вялікае паселішча прыватных дамоў хутарскога тыпу. Жыхары гатовыя зямлю апрацоўваць, садзіць дрэвы, капать вадаёмы. Праўда, юрыдычна такія тэрыторыі без статусу. Ды і зямля ў арэндзе. А жыхары хочуць атрымаць свой гектар у пажыццёвае валоданне. Вырашыць гэта пытанне і прыехала Наталля Сцякольнікава на прыём да віцэ-прэм'ера. Зараз як раз і рыхтуецца праект закона "Аб радавых маёнтках".

У Беларусі сёння 500 такіх паселішчаў з вялізнымі тэрыторыямі вакол. Віцэ-прэм'ер паабяцаў асабіста прыехаць у Валожынскі раён і паглядзець, ці дагледжаныя землі, што на іх збіраюцца рабіць. Сам закон сёння ў высокай ступені гатоўнасці. Гэтым жа шляхам ідуць і суседзі па ЕЭАС - Расія і Казахстан.

Узнімаліся на прыёме і пытанні дня сённяшняга. Прадпрымальнік з Любані вырасціў на сваім падворку агародніну, садавіну, але вось прадаць не заўсёды атрымліваецца. Белкаапсаюз не спраўляецца, трэба падключаць прыватнікаў. Не меней вострая і тэма прыватызацыі жылля на сяле і маёмасныя праблемы, звязаныя са спадчынай. Тут падыходы індывідуальныя. Для вырашэння падключацца і іншыя органы ўлады.

Пра гэта сёння гаварылі і ў Зэльвельскім раёне, разбіраючыся і з прыватызацыяй, і з медыцынскім абслугоўваннем дзяцей у невялікіх гарадах, а таксама з сістэмай ЖКГ. Віктар Цімошак, напрыклад, скардзіцца на рамонт даха, які зрабілі абы-як. Сцяжка і ўцяпляльнік не змяняліся і вось вынік.

Шукаць праўду Віктар прыйшоў на прыём да памочніка Прэзідэнта - інспектара па Гродзенскай вобласці. Яго выслухалі і падтрымалі, абяцалі дапамагчы.

Часта шматлікія пытанні можна вырашыць і на ўзроўні мясцовай вертыкалі, але бываюць выпадкі, калі трэба пастукаць і не ў адны дзверы. Як раз такія прыёмы па ўсёй краіне - надзея, што цябе пачуюць і адкажуць.