У Беларусі працягваецца падрыхтоўка да Дня Незалежнасці

23 мая 2019

Сёлета мы адзначаем 75-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Парад 3 ліпеня гэтым разам пройдзе ўвечары. Адкрые яго авіяцыя. А сёння журналістам паказалі рэпетыцыю пешай калоны войскаў Мінскага гарнізона.

Чым мінчанам і гасцям сталіцы запомніцца галоўнае свята краіны, раскажа Уладзімір Каралёў.

Страявы пляц ваеннай камендатуры - адно з нямногіх месцаў у Мінску, дзе можна непрыкметна ад цікаўных вачэй адпрацаваць страявы крок усіх парадных разлікаў. Сёлета іх будзе 25 агульнай колькасцю больш за 4 000 вайскоўцаў. Трэніроўкі 5 разоў на тыдзень да шасці гадзін за дзень, і так ужо месяц. Спачатку кожная рота чаканіла крок у сябе ў часці. Апошнія дні адпрацоўваюць у складзе парадных разлікаў тут, у ваенным гарадку.

Па традыцыі парад войскаў адкрыюць сувораўцы. Пасля пранясуць Сцяг Перамогі і штандары франтоў, якія ўдзельнічалі ў стратэгічнай наступальнай аперацыі "Баграціён". Гэты парад будзе самым жаночым за ўсю гісторыю - перад трыбунамі пройдуць адразу 3 калоны дзяўчат: ад МУС і Мінабароны. Падтрымаць сваю маму Юлю сёння прыйшлі трое яе дзяцей. Поўная трэніроўка роты ганаровай варты пакуль трымаецца ў сакрэце. Вядома, што выступленне РГВ будзе ў самым канцы вялікага парада.

У параўнанні з мінулым годам павялічана колькасць пешых каробак. Гэта звязана яшчэ і з замежнымі вайскоўцамі, якія будуць ганаровымі гасцямі. З якіх краін - Мінабароны пакуль не раскрывае.

Сяргей Патапенка, намеснік міністра абароны Беларусі: "Далі згоду на ўдзел 8 дзяржаў. Яны будуць прадстаўлены параднымі разлікамі. Парад пачнецца з паветранага эшалона і завершыцца праходжаннем пешай і механізаванай калон".

Перад трыбунамі пройдзе і ваенная тэхніка – больш за 300 адзінак. Некаторыя з узораў будуць прадстаўлены ўпершыню. Па традыцыі свята завершыцца некалькімі дзясяткамі залпаў салюту. Сёлета генеральная рэпетыцыя ў цэнтры Мінска будзе адна, яна пройдзе 1 ліпеня.