У Беларусі пачалі распрацоўку новай нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі

15 мая 2015

У Беларусі пачалі распрацоўку новай нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі на наступныя пяць гадоў. Пра гэта расказалі журналістам у Мінпрацы нашай краіны. Адзін з важных пунктаў новай канцэпцыі - роўны ўдзел бацькоў у выхаванні дзяцей. "Адказнасць мужчын" - менавіта пад такім дэвізам праходзіць сёння і Міжнародны дзень сям'і. Напярэдадні свята ў Брэсце нарадзіліся першыя сёлета трайняты. Усяго ж за тры месяцы 2015-га на свет з'явілася 128 тысяч немаўлят. Прычым прасочваецца відавочная тэндэнцыя да стварэння сем'яў шматдзетных. Палова бацькоў у нашай краіне выхоўвае двух і больш дзяцей. Гэты паказчык можа падняцца вышэй яшчэ на некалькі пазіцый. Сацыёлагі прагназуюць бэбі-бум. Пра новую структуру беларускай сям'і рэпартаж Кацярыны Шыбко.

Што тата можа? Тэма гэтай сустрэчы ў сямейным цэнтры для татаў гучыць як выклік. Бацькі, на думку псіхолага Кірыла Будкевіча, проста абавязаныя прымаць роўны ўдзел у выхаванні свайго дзіцяці. Тут збіраюцца ў першую чаргу для таго, каб пачуць важныя парады спецыялістаў аб ролі бацькі ў сям'і.

У сямейны цэнтр па сваім жаданні, прызнаецца Кірыл, таты прыходзяць рэдка. Часцей іх аб гэтым просяць жонкі, бо часта большасць абавязкаў у выхаванні бярэ на сябе менавіта маці. "Адказнасць мужчын" - менавіта пад такім дэвізам сёння святкуюць Дзень сям'і ва ўсім свеце. І менавіта гэтай тэме асобная ўвага ў новай праграме дэмаграфічнай бяспекі нашай краіны.

Ганна Яшчук, дацэнт кафедры Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі: "На найбліжэйшую пяцігодку пастаўленыя такія мэты: падтрымаць цяперашнюю станоўчую дынаміку, а таксама сумяшчэнне бацькоўскіх роляў, прафесійных, сямейных абавязкаў, ну і актыўны ўдзел бацькоў. Гэта значыць мы робім стаўку, як і многія еўрапейскія дзяржавы, на гендарнае раўнапраўе".

Паводле прагнозаў экспертаў, якія зараз і працуюць над канцэпцыяй, праз пяць гадоў структура беларускай сям'і можа кардынальна памяняцца. Колькасць бацькоў, якія выхоўваюць двух і больш маленькіх беларусаў, неўзабаве можа наблізіцца як мінімум да 60 працэнтаў. Толькі сёлета за тры месяцы на свет з'явілася 128 тысяч немаўлят. Сёлета сацыёлагі не выключаюць бэбі-бум - і гэта ўжо адказ скептыкам, якія часта гаварылі пра дэмаграфічныя нажніцы. Новая тэндэнцыя павелічэння нараджальнасці звязаная ў тым ліку і са стаўленнем дзяржавы да нашых сем'яў. У Беларусі, канстатуюць міжнародныя эксперты, самая разгалінаваная сістэма сацыяльнай падтрымкі сярод краін СНД.

І гэта, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы ў сваім Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, і надалей будзе заставацца нацыянальным прыярытэтам.

Напярэдадні Міжнароднага дня сям'і ў Брэсцкім рэгіёне нарадзіліся першыя сёлета трайняты. Усе нованароджаныя - дзяўчынкі, прычым дзве з іх двайняты. У 31-гадовай Галіны Вайсэ ўжо ёсць старэйшыя дзеці - сямігадовы сын і пяцігадовая дачка, якія чакаюць маму з сёстрамі дамоў.

Зараз маці дапамагае медперсанал радзільні. Пазней сям'я зможа бясплатна скарыстацца паслугамі нянькі.

Марына Арцёменка, намеснік начальніка аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны: "Сёння аказваюцца паслугі кароткачасовага догляду за дзецьмі, паслугі нянькі. Гэтыя паслугі аказваюцца наступным катэгорыям сем'яў: пры нараджэнні ў сям'і двайнят на 12 гадзін на тыдзень, пакуль дзецям не споўніцца тры гады, трайнят - да 40 гадзін на тыдзень, пакуль дзецям не споўніцца тры гады, і сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 4 гадоў".

У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны зараз пераглядаюць сістэму сацыяльных паслуг. Адна з прапаноў - павялічыць практычна ў два разы колькасць гадзін працы бясплатнай для сям'і нянькі пры нараджэнні двайнят. Новаўвядзенне можа ўступіць у сілу ўжо з 14 чэрвеня.

Беларуская мадэль сямейнай палітыкі для многіх краін становіцца прыкладам. Чарговае таму пацвярджэнне - у новым рэйтынгу аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі Save the Children. Па ўмовах для маці і дзяцей Беларусь усяго за год паднялася яшчэ на адну пазіцыю і ўпэўнена замацавалася на 25-м месцы са 179-ці магчымых, пакінуўшы ззаду ЗША і Расію.