У Беларусі з'явіцца сістэма інтэграванай дапамогі дома

19 сентября 2019

Распрацоўкай канцэпцыі зоймуцца Чырвоны Крыж, міністэрствы аховы здароўя, працы і сацабароны. Размова ідзе аб стварэнні пратаколаў хатняга догляду інвалідаў-калясачнікаў, людзей з дэменцыяй, інсультам. Сваякоў людзей з хранічнай паталогіяй плануецца навучаць навыкам прафесійнага догляду. Больш як 900 тысяч беларусаў у краіне зараз старэйшыя за 70 гадоў. І паводле даных Чырвонага Крыжа, 660 тысяч маюць патрэбу ў пастаяннай дапамозе дома.

Развіццё медыка-сацыяльнай дапамогі ў краіне выклікана старэннем насельніцтва. Пытанне арганізацыі догляду за пажылымі разглядаюць на заканадаўчым узроўні. Новы законапраект аб ахове здароўя выносіўся ў жніўні на грамадскае абмеркаванне. Не выключана, што дэпутаты разгледзяць яго на асенняй сесіі.