У Беларусі з'явіцца Маладзёжная акадэмія навук

17 апреля 2015

У Беларусі з'явіцца Маладзёжная акадэмія навук, а ў беларускай сталіцы яшчэ і Алея навуковай славы. Сёння ў Акадэміі навук не толькі называлі сухія выніковыя лічбы працы за апошнія пяць гадоў, але і прэзентавалі абсалютна новыя праекты. Дзе ў Мінску ўжо зусім хутка можна будзе ўбачыць Кірылу Тураўскага і Сімяона Полацкага ў бронзе і калі расчыніць дзверы першая ў краіне Акадэмія навук для моладзі? Сярод удзельнікаў форуму была і наш карэспандэнт Улада Карніцкая.

Яна можа нават стаць брэндам беларускай сталіцы. Праект першай для нашай краіны Алеі навуковай славы ўжо распрацоўваюць. І сёння яго прэзентавалі ў Акадэміі навук на форуме, што сабраў больш за паўтысячы навукоўцаў.

Плануецца, што пабудуюць Алею славы ад галоўнай магістралі сталіцы - праспекта Незалежнасці да бібліятэкі імя Якуба Коласа. У цэнтры яе з'явіцца архітэктурна-скульптурная кампазіцыя. Назва яе ўжо стала вядомая - Залатое кольца навукі. Уздоўж алеі кожны зможа ўбачыць скульптуры выбітных беларускіх навукоўцаў.

Прычым, навукоўцаў сучасных. А вось тытанаў беларускай навукі і асветы ў бронзе, якія жылі стагоддзі і нават тысячагоддзі таму - Францыска Скарыну, Сімяона Полацкага, Кірылу Тураўскага, паставяць на п'едэсталы на кольцы цэнтральнай скульптуры. Форма мастакамі выбрана невыпадкова. Кольца ў гэтай кампазіцыі - сімвал адзінства і пераемнасці ідэй і пакаленняў.

Аляксандр Лакатко, дырэктар ДНУ "Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі": "Вядома, гэта кампазіцыя, што праслаўляе навуку, яе асноўныя кірункі. Яна будзе працаваць не толькі для мастацкага вобраза праспекта, але і папулярызаваць беларускую навуку".

Сувязь пакаленняў - аснаватворная ідэя яшчэ адной задумкі навукоўцаў, якую ўвасобіць плануюць ужо сёлета. Сімвалічна - у Год моладзі. У Беларусі ўпершыню з'явіцца Акадэмія навук для тых, каму да 35-ці. Спецыялісты ўжо гавораць, што яна стане своеасаблівай кузняй маладых кіраўнікоў.

Андрэй Іванец, старшыня Савета маладых навукоўцаў НАН Беларусі:

"Гэта нармальная практыка, таму што мы падышлі да таго моманту, калі тыя маладыя людзі, тыя маладыя навукоўцы прайшлі школу не толькі навуковую, але і далучэнне да адміністрацыйнай адказнасці і здольныя кіраваць вялікімі калектывамі".

Тут, у акадэміі, зараз рэалізуецца каля 12-ці навуковых праграм. І як стала вядома сёння, усе яны знаходзяцца на завяршальнай стадыі.

Таму зараз першачарговая задача - нарошчваць аб'ёмы вытворчасці і, адпаведна, продажаў і інвестыцый, гавораць спецыялісты. Увасабляць у жыццё гэтыя намеры тут плануюць у тым ліку і з дапамогай актыўных і крэатыўных маладых спецыялістаў.