У Беларусі з'явіцца галерэя лідараў камсамольскага руху

24 сентября 2015

У Беларусі з'явіцца галерэя лідараў камсамольскага руху. Аб гэтым сёння ў Мінску паведамілі прадстаўнікі самай масавай моладзевай арганізацыі краіны. У дзень нараджэння камсамолу актывісты БРСМ не толькі запусцяць новы праект, але і абмяркуюць традыцыі і будучыню моладзі на адкрытых дэбатах "Выбірай.бай". Свой пункт погляду выкажуць дзве каманды: а гэта - ветэраны камсамольскага руху і сучасная моладзь. Ацэнку выступленням дадуць эксперты.

Сяргей Клішэвіч, другі сакратар ЦК ГА "БРСМ": "У рамках нашага праекта адкрытыя дэбаты "Выбірай.бай" мы абмяркуем перспектывы далейшага развіцця моладзевага руху, параімся з нашымі старэйшынамі, абмяняемся меркаваннямі, як нам развівацца, як нам ісці далей. Такія сустрэчы заўсёды карысныя для моладзі і нашых ветэранаў".

Аляксей Крыўдзенка, першы сакратар ЦК ЛКСМБ (1990-1991 гг.): "У камсамолу быў вялікі набор форм працы з маладымі людзьмі, якія давалі карысць. Моладзь у працы, у вучобе, у вольным часе… Яна абапіралася на камітэты камсамолу. Большасць маладых людзей лічылі, што арганізацыя павінна быць. Так, яна павінна змяняцца, станавіцца больш сучаснай, больш адкрытай і дэмакратычнай. Кожны малады чалавек павінен мець права галасу. Але арганізацыя павінна захавацца".

І сёння ж абласны этап праекта адкрытыя дэбаты "Выбірай.бай" прайшлі ў Маладзечне. Удзельнікі абмеркавалі традыцыі інстытута сям'і.