У Беларусі з'явілася новая папуляцыя зуброў

4 февраля 2015

У Віцебскай вобласці ў дзікую прыроду выпушчаныя пяцьдзесят жывёл. На самую поўнач краіны  іх завезлі з Белавежскай Пушчы і ўгоддзяў Гродзенскай вобласці. Паводле апошніх  звестак, у Беларусі пражываюць 958 асобін зуброў. Каб убачыць гэтых жывёл,  Вольга Маслоўская не адну  гадзіну правяла на наглядальнай вышцы.

 

Восем камер і некалькі гадзін падрыхтоўкі. Навукоўцы разумеюць: гэта эксклюзіўныя кадры. У заказніку "Асвейскі" ў дзікую прыроду выпускаюць паўсотні зуброў, якія амаль два гады  былі ў вальеры для ператрымкі паляўнічых жывёл.

За плячамі біёлага і кінарэжысёра Ігара Бышнёва сотні экспедыцый і падарожжаў, але гэтая камандзіроўка пакінула асаблівыя ўражанні.

Аднаўленне паўночнай папуляцыі зубраў - амбіцыйны праект мясцовай паляўнічай гаспадаркі і Нацыянальнай акадэміі навук. У гэтых лясах волаты зніклі больш як  стагоддзе таму, іх знішчэнне  на сумленні браканьераў.

Сёння, каб зубр выйшаў на волю, яго выманьвалі цукровымі буракамі

Сцяпан Габрусёнак, дырэктар паляўнічай гаспадаркі "Чырвоны бор": "У 2013-2014 гадах мы закупілі  10 асобін у Белавежскай Пушчы і 30 - у СВК "Азёры" Гродзенскай вобласці. Год яны былі ў вальеры для ператрымкі жывёл. За гэты год з'явілася 11 зубранят. Даволі добры паказчык".

 

Глухія лясы на мяжы Расонскага і Верхнядзвінскага раёнаў - гэта самы паўночны пункт  на зямным шары, дзе зараз на волі  жыве папуляцыя зуброў. Разам з волатамі ў дзікую прыроду пайшлі і дзвесце высакародных аленяў, завезеныя з Літвы і Польшчы.

За новай папуляцыяй назіраюць навукоўцы. Адсочваць перамяшчэнне жывёл будуць з дапамогай GPS-ашыйнікаў. Для мясцовых жыхароў зубры небяспекі не ўяўляюць - да найбліжэйшых вёсак тут не менш  за дзесяць кіламетраў. Да таго ж самі жывёлы імкнуцца пазбягаць сустрэчы з чалавекам.

Зубр - жывёліна асцярожная. І каб яго ўбачыць, часам трэба не адну  гадзіну правесці на наглядальнай вышцы.

Усю зіму ў паляўнічай гаспадарцы  будуць падкормліваць жывёл сенажом, збожжам і цукровымі буракамі.  Вясной  у  зуброў пачнецца перыяд актыўнай міграцыі. Папуляцыя будзе самастойна развівацца і расці.