У Беларусі з'явілася альтэрнатыва льготным крэдытам на будаўніцтва жылля

6 июля 2017

Зараз чаргаўнікі змогуць разлічваць на атрыманне жыллёвых субсідый. Указ напярэдадні падпісаў Прэзідэнт. Прынцыповыя падыходы аказання дзяржпадтрымкі ў Беларусі захаваюцца, растлумачылі сёння журналістам у Мінбудархітэктуры. Зменіцца толькі механізм размеркавання сродкаў. Зараз грамадзяне будуць браць у банку камерцыйны крэдыт і часткова гасіць доўг за кошт выдадзенай дзяржавай субсідыі.

Як будзе працаваць новая схема? - даведалася Вольга Анішчанка.

Усе навацыі закрануць толькі тых, хто сёння пад абаронай 13 ўказу Прэзідэнта і атрымлівае найбольшы ўзровень крэдытнай падтрымкі. Як раней, так і па новай схеме, на танныя грошы - ад 1 да 5% гадавых - могуць разлічваць 18 катэгорый грамадзян: шматдзетныя сем'і і тыя, хто выхоўвае дзяцей-інвалідаў, сіроты, вайскоўцы, суддзі, пракурорскія працаўнікі і г.д. Усім гэтым беларусам прапануюць яшчэ і адраснае субсідзіраванне будаўніцтва з дзяржпадтрымкай.

Дарэчы, новы ўказ не замяняе і не адмяняе дзеючы парадак льготнага крэдытавання. Хіба што зараз права на атрыманне субсідый набылі таксама ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых краін. У астатнім жа прапанаваныя падыходы, якія працавалі ўсе апошнія гады: чарговасць атрымання крэдыту і малазабяспечанасць пазычальнікаў. Да таго ж суму дзяржпадтрымкі разлічаць, як і раней, зыходзячы з памераў новабудоўлі, колькасці членаў сям'і і нарматыва кошту будаўніцтва.

Як будзе працаваць новая схема? Ільготнік прыходзіць у камерцыйны банк і бярэ крэдыт на агульных падставах. Напрыклад, 16% гадавых. Але фактычна выплаты складуць, як і раней - каля 5 п.п. Розніцу паміж камерцыйным і льготным крэдытам пагасяць з дзяржбюджэту. Гэта і будзе субсідыя на будаўніцтва.

Аднак у профільным міністэрстве не ўтойваюць: па новай схеме фінансавая нагрузка на чаргаўніка не значна, але ўсё ж вырасце.

Для параўнання: стандартная двушка 60 квадратаў. З трыма жыхарамі. З дзяржпадтрымкай жыллё пабудуюць за 660 рублёў за квадратны метр. Сёння такая сям'я штомесяц плаціць па крэдыце ледзь больш як 200 рублёў. Пры наяўнасці субсідыі заплаціць на 120 рублёў больш. Калі ў сям'і чацвёра, розніца будзе больш прыкметнай. Без субсідыі - амаль 300, па новым законе - 460. Для шматдзетных сямей з трыма дзецьмі - 45 і 80 рублёў адпаведна.

Выдаваць субсідыі будуць строга па чарзе. Згодна са спісамі тых, хто мае патрэбу. Аб магчымасці пабудавацца, як і сёння, апавесціць выканкам. Туды ж чаргаўнік прыйдзе з заявай аб выдзяленні субсідыі. І толькі пасля яго накіруюць у банк - заключаць крэдытны дагавор. Чаргаўнікаў, дарэчы, супакойваюць: камерцыйная стаўка, зразумела, па сілах не кожнаму. Але субсідыю залічаць у сукупны прыбытак пазычальніка. Да таго ж будаваць прапануюць толькі бюджэтнае жыллё. Пералік аб'ектаў ужо на падыходзе.

Прасцей гаворачы, з дапамогай субсідыі стаць удзельнікам камерцыйнай будоўлі не атрымаецца. А таму гэты сегмент рынку змен не зведае, гавораць эксперты. Сёння яго падганяюць зусім не льготнікі, а ўсё больш даступныя крэдытныя стаўкі.

Ужо вядома, што ахвочых скарыстацца жыллёвай субсідыяй пакуль падтрымаюць два банкі. На гэтыя мэты выдзелена 175 мільёнаў рублёў. Гэта амаль 4 тысячы кватэр да канца наступнага года. Такі першы крок дзяржпадтрымкі па новай схеме. У будучыні механізм напэўна зведае змены. Так, ужо сёння ацэньваюць магчымасць падключаць льготнікаў нават на стадыі актыўнага будаўніцтва аб'екта.