У Беларусі павысяць зарплаты медыкам і педагогам

30 августа 2018

Пачнем з навіны, якую даўно чакалі ўрачы і настаўнікі - людзі, ад якіх залежыць наша здароўе і адукацыя нашых дзяцей.

У Беларусі павысяць зарплаты медыкам і педагогам. З 1 верасня павялічваюцца тарыфныя стаўкі першага разраду ў сістэме адукацыі, а для асобных катэгорый медработнікаў рост акладаў складзе ад 40% да 100%. Адпаведны праект пастановы Савета Міністраў падрыхтаваны па даручэнні Кіраўніка дзяржавы і адобраны Прэзідэнтам. Аб тым, што трэба "падцягваць" тых, у каго нізкія зарплаты, Аляксандр Лукашэнка нагадваў ураду неаднаразова. І найважнейшае - дакумент дазволіць убачыць істотны дадатак да зарплаты.

Паводле папярэдніх ацэнак, сярэдняя зарплата ў бюджэтных арганізацыях да канца года перавысіць 800 рублёў. Падрабязнасці ў рэпартажы Веранікі Бута.

Сёлета эканоміка Беларусі ўзяла нядрэнны старт. Умовы на сусветных рынках складаюцца таксама на нашу карысць. Але, гледзячы на лічбы, якія адлюстроўваюць рост ВУП, прадукцыйнасць працы, поспех той або іншай кампаніі, важна бачыць людзей і іх зарплаты. І калі ў рэальным сектары даходы беларусаў напроста залежаць ад даходаў прадпрыемства, да бюджэтнікаў гэтая формула дастасавальная ў меншай ступені.

Дар'і - маладому акушэру-гінеколагу - яшчэ трэба будзе атрымаць сваю першую зарплату. За спінай медыцынскі і два гады інтэрнатуры. Але з сітуацыяй знаёмая не па чутках - яна доктар у трэцім пакаленні. Добра ведае і аб нялёгкай працы ўрачоў, і аб іх невысокіх зарплатах. Тым больш, пачынае свой шлях Дар'я ў звычайнай раённай паліклініцы.

Дар'я ўпэўненая: павышэнне стаўкі напярэдадні яе першай у жыцці зарплаты - гэта добры знак для пачатку кар'еры.

Цяперашні сенатар не па чутках ведае аб тым, як няпроста быць доктарам. Віктар Сірэнка прайшоў шлях ад урача ў гарадской паліклініцы да кіраўніка бальніцы хуткай дапамогі. І такая ўвага з боку дзяржавы не можа не радаваць, упэўнены сенатар.

Так, даплаты ўрачоў і медыцынскіх сясцёр з 1 верасня павысяць на 20% і 13% адпаведна. Педагогам і памочнікам выхавальнікаў дзіцячых дашкольных устаноў прадугледжана павелічэнне тарыфных ставак на 20%. Павышэнне акладаў правізараў, фармацэўтаў, фізікаў, хімікаў і біёлагаў складзе ад 40% да 100%.

Аб тым, што трэба "падцягваць" тых, у каго нізкія зарплаты, Прэзідэнт неаднаразова нагадваў ураду. Паступова павышаць даходы людзей, якія няньчаць і вучаць нашых дзяцей, прыглядаюць за хворымі роднымі, працуюць на карысць нацыянальнай культуры.

Такое няўхільнае і жорсткае патрабаванне прагучала для абноўленага складу ўрада літаральна пару тыдняў таму.

Але яшчэ задоўга да гэтага Аляксандр Лукашэнка нацэльваў Саўмін і губернатараў на тое, што людзі павінны адчуваць гэты рост. Інакш ніяк. І гэтая задача - на адмысловым кантролі і заўсёды ў полі зроку Кіраўніка дзяржавы.

І калі ў верасні даплаты вырабяць асобным катэгорыям, то з 1 кастрычніка тарыфная стаўка першага разраду павялічыцца на паўтара рубля для работнікаў бюджэтнай сферы ў цэлым.

У выніку параўнаем зарплаты сацыяльна ўразлівых беларусаў за жнівень і кастрычнік. Памочнікі выхавальніка ўбачаць плюс 55 рублёў, даходы дацэнтаў павялічацца на 72 рублі, настаўнікаў на 65. Да зарплаты хірургаў вышэйшай катэгорыі дададуць 129. Правізары даатрымаюць 180 рублёў у асабісты бюджэт.

Рост зарплаты прывязаны ў рэальным сектары да прадукцыйнасці працы. Але гэтая формула не можа працаваць у бюджэтнай сферы, паколькі тут прадукцыйнасць не вымяраецца прамымі паказчыкамі. Аднак калі ёсць магчымасць падняць зарплаты бюджэтнікаў (у некаторых выпадках нават у два разы), значыць, эканоміка ў краіне стабільная.

Пытанне заработных плат было і застаецца адным з найважнейшых і хвалюючых, асабліва для настаўнікаў, работнікаў дзіцячых садкоў, малодшага медыцынскага персаналу. Патрабаванне Прэзідэнта - дасягнуць тысячы рублёў - паступова выконваецца.

Пасля прыняцця дакумента сярэдняя зарплата па краіне ў бюджэтнікаў да канца года павялічыцца да 860 рублёў. Да 2025 года Кіраўнік дзяржавы даручаў зарплаты ўрачоў і настаўнікаў падвоіць.