У Беларусі падвялі вынікі спецмерапрыемства "Насвай"

7 апреля 2016

Аператыўнікі МУС сумесна з супрацоўнікамі падатковай службы Беларусі падвялі вынікі спецмерапрыемства "Насвай". Па ўсёй краіне былі праведзеныя аблавы на прадаўцоў атруты. За 10 дзён канфіскавана больш за 500 кілаграмаў наркотыку, або прыкладна 27 000 доз. Затрыманыя і прыцягнутыя да адказнасці больш як 50 чалавек. Спецыялісты адзначаюць: калі б канфіскаваны насвай дайшоў да спажыўца, наркакамерсанты зарабілі б каля 700 мільёнаў рублёў. Гэта грошы, зробленыя на здароўі ў асноўным маладых людзей.

Васіль Лосіч, начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі: "МУС прааналізавала сітуацыю, выйшла з прапановай пра такі нарматыўны акт, як дэкрэт Прэзідэнта, які б сакумуляваў усе дзеянні, накіраваныя супраць насваю. Гэта будзе такі сімбіёз 6-га дэкрэта, 1-га дэкрэта, які ўключыць у сябе і адміністрацыйную адказнасць за ўжыванне насваю, процідзеянне распаўсюджванню ў Інтэрнэце альбо ў грамадскіх месцах".

Рэгулярнае ўжыванне насваю непапраўна шкодзіць здароўю. З часам з'яўляецца цяга да больш сур'ёзных псіхатропаў. МУС зараз прапаноўвае ўзмацніць жорсткасць пакарання за захоўванне і любое абарачэнне гэтай тытунёвай сумесі. Ад чатырохразовага павелічэння штрафаў да канфіскацыі машын, з якіх ідзе продаж.