У Беларусі падлічваюць урон ад разгулу майскай стыхіі

22 мая 2014

За некалькі дзён моцны вецер наламаў нямала дроў. У Слонімскім раёне дрэва, што ўпала на лінію электраперадачы, абясточыла 53 населеныя пункты. У Мінскай, Віцебскай і Гомельскай абласцях павалена амаль 60 тысяч гектараў лесу. У эпіцэнтры аказаўся Добрушскі раён.



Па слядах стыхіі прайшла наш карэспандэнт Вольга Халадовіч.


Надзея Шалкунова дагэтуль успамінае тую страшную ноч. Такі ўраган яна бачыць упершыню. Ён доўжыўся ўсяго некалькі хвілін, але наступствы прыйдзецца ліквідаваць не адзін дзень.


Добрушскі раён прыняў на сябе самы сур'ёзны ўдар стыхіі. Вецер быў настолькі магутным, што ламаў дубы, хвоі і бярозы, нібы запалкі.


Сярэдні ўзрост паваленых дрэў - сто гадоў. Роўна столькі ж спатрэбіцца для таго, каб на іх месцы з'явіліся новыя. І без дапамогі чалавека тут не абысціся.


Леснікі разбіраюць завалы, спілоўваюць зламаныя дрэвы. У Добрушскім раёне пацярпела прыкладна 700 гектараў лесу. У цэлым жа па краіне за апошні тыдзень моцны вецер паваліў амаль 60 тысяч гектараў лесу, у тым ліку ў Мінскай і Віцебскай абласцях. Аднаўленчыя работы зоймуць некалькі месяцаў, і толькі пасля гэтага на месцы ветралому высадзяць новыя елкі, дубы і бярозы.


Міхаіл Скідан, майстар Даўгалескага лясніцтва Гомельскага лясгаса: З Даўгалескага лясніцтва, гэта за 80 кіламетраў, прыехалі сюды, каб аказаць дапамогу лясніцтву Шабрынскаму і ўжо працуем тут трэці дзень, каб у наступным людзі маглі тут працаваць і валіць лес.


Паралельна з леснікамі працуюць электрыкі. Аднаўляюць лініі электраперадачы. Прыйдзецца адрамантаваць дахі і агароджы амаль усім мясцовым жыхарам. Агульны ўрон ад разгулу майскай стыхіі крыху пазней назавуць спецыяльна створаныя камісіі па надзвычайных сітуацыях.