У Беларусі па шматгадовай традыцыі праходзіць вялікі марафон дабра "Нашы дзеці"

22 декабря 2018

Напярэдадні навагодніх свят у Беларусі па шматгадовай традыцыі праходзіць вялікі марафон дабра. Маштабная рэспубліканская дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" працягваецца. Яна ахоплівае кожны куток краіны, кожнае дзіця. Асобная ўвага тым дзецям, якім не хапае бацькоўскага цяпла, клопату, ласкі. Бо нягледзячы на жыццёвыя перыпетыі, гэта таксама нашы дзеці. Дзеці, якім хочацца дарыць святы, падарункі і ўбачыць іх шчырыя ўсмешкі. Ужо больш за 20 гадоў навагодні дабрачынны марафон аб'ядноўвае беларусаў. Тысячы неабыякавых людзей дапамагаюць здзяйсняць жаданні, аб якіх малышы пішуць у навагодніх лістах. Хто далучыўся да марафону дабра сёння, распавядзе Аляксандра Кавеліч.

Навагоднія песні і энергічныя танцы. У Арцёма Пірожкі сёння не проста яркі ранішнік - творчы дэбют. У навагоднім паказе ён Карлсан - майстар свавольстваў. І хоць персанаж не адрозніваецца паслухмянствам, падчас рэпетыцыі Арцём уважліва сочыць за парадкам. А таму на пытанне аб будучай прафесіі, малы адказвае без роздумаў.

Да навагодняга паказу выхаванцы 5-га дзіцячага дома Мінска пачалі рыхтавацца задоўга да наступлення зімы. Самі прадумвалі вобразы і шылі касцюмы. Тэатральную прэм'еру ацанілі і госці.

Сёння школьнікі не толькі прымаюць падарункі, самі таксама падрыхтавалі навагоднія сувеніры для гасцей - ручной працы паштоўкі і магніты.

Навагоднія жаданні сёння спраўдзіліся і ў гэтых дзяцей. Вялікае свята аб'яднала самых маленькіх выхаванцаў сталічнага дзіцячага дома № 3. Сваёй творчасцю яны захоплена дзяліліся з гасцямі і нават разам закружыліся ў святочным карагодзе.

Каб гэты дом быў утульным і камфортным для кожнага з паўсотні выхаванцаў, тут з'явіцца новае кухоннае абсталяванне, неабходнае для дзяцей з асаблівасцямі развіцця, а таксама сучасныя камп'ютары. Менавіта такі падарунак атрымалі дзеці.

Дзясяткі шчырых усмешак сёння і ў гэтай зале. Вучні Радашковіцкай школы-інтэрната пераўвасобіліся ў любімых герояў. І спяшаюцца павіншаваць сяброў і блізкіх з галоўным зімовым святам.

А вось у атмасферу не толькі навагодняга, але і спартыўнага свята акунуліся школьнікі з дзіцячага гарадка Ленінскага раёна Мінска. Экскурсію па абноўленым стадыёне "Дынама" для іх правялі знакамітыя спартсмены.

Спектаклі, канцэрты, экскурсіі і, вядома, падарункі. Асаблівы клопат у перадсвяточныя дні адчуваюць тысячы маленькіх беларусаў. Марафон дабра - менавіта так называюць дабрачынную акцыю "Нашы дзеці".

Цёплыя словы і віншаванні, нароўні з любімымі святочнымі мелодыямі, зараз гучаць літаральна без перапынку. Стварыць атмасферу сапраўднай зімовай казкі дапамагаюць сотні неабыякавых людзей. Так, на карце добрых спраў кожны дзень запальваюцца новыя яркія пункты, значыць, здзяйсняюцца запаветныя мары нашых дзяцей.