У Беларусі плануюць забараніць продаж алкаголю пасля 23:00 у магазінах і на АЗС

6 Верасня 2017

Ініцыятыва галоўнага міліцэйскага ведамства. У Беларусі продаж алкаголю пасля 23:00 у магазінах і на АЗС плануюць забараніць.

У МУС лічаць, што неабходныя жорсткія меры ў сферы абароту алкаголю. І ў першую чаргу ў дачыненні да абмежавання часу. Дарэчы, для прыкладу, у многіх краінах дзейнічае забарона ўжо з дзесяці гадзін вечара. Зрэшты, пасля абмеркавання з Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю прыйшлі да высновы, што аптымальны варыянт для нашай краіны - абмежаваць продаж алкаголю ў розніцу пасля 23:00. Праваахоўнікі адзначаюць, што большасць цяжкіх злачынстваў ўчыняецца пад дзеяннем спіртнога.

Між тым, згодна са статыстыкай, у Беларусі за апошнія некалькі гадоў зніжаецца колькасць злачынстваў, учыненых пад уплывам алкаголю. Гэта абумоўлена ў тым ліку мерамі, якія прымаюць усе зацікаўленыя органы.