У Беларусі плануюць увесці крымінальную адказнасць за прапаганду нацызму

6 Снежня 2018

У Беларусі плануюць увесці крымінальную адказнасць за прапаганду і папулярызацыю нацызму. Законапраект прапанаваў міністр унутраных спраў падчас пасяджэння Палаты прадстаўнікоў. 

Ігар Шуневіч, Міністр унутраных спраў Беларусі: "Размова ідзе аб тым, што мы сёння павінны рэагаваць у грамадстве на праяву гэтага феномену. Я ужо сказаў, што больш як 3 тысячы чалавек - носьбітаў гэтай ідэалогіі - намі ўжо задакументаваныя і ўстаноўленыя. З улікам вызначанай латэнтнасці гэта лічба можа быць і вышэйшай. Закон як ніколі актуальны сёння і накіраваны на спыненне, прафілактыку праяў нацызму, рэабілітацыі нацызму і папулярызацыі гэтага зла ў нашым грамадстве".

Таксама міністр адзначыў, што за апошнія тры гады колькасць выпадкаў публічнай дэманстрацыі нацысцкай сімволікі ў краіне павялічылася ў 15 разоў. А з 2015 года колькасць фактаў распаўсюджання экстрэмісцкай прадукцыі вырасла ў 30 разоў.