У Беларусі плануюць стварыць Нацыянальную асацыяцыю мясцовага самакіравання

12 декабря 2018

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на рабочай сустрэчы з вядучымі экспертамі Савета Еўропы. Пытанні паляпшэння працы мясцовых органаў кіравання сталі галоўнай тэмай сустрэчы. Падзяліцца вопытам з беларускімі кіраўнікамі прыехалі эксперты з Англіі, Даніі, Балгарыі, Сербіі і іншых краін. Мяркуецца, што перадача органам мясцовага самакіравання большых паўнамоцтваў дасць магчымасць ініцыятыўным мясцовым жыхарам больш актыўна удзельнічаць у жыцці раёнаў, пасёлкаў і гарадоў. Самыя таленавітыя народныя кіраўнікі ў будучыні будуць папаўняць і кадравы рэзерв краіны.

Дэніэл Папеску, начальнік Дэпартамента па дэмакратычным кіраванні Савета Еўропы: "Вераснёвая сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы Гудрун Мослер-Цёрнстром надала моцны імпульс у нашай сумеснай працы. Мы тут не для таго, каб даваць ацэнкі, мы жадаем падзяліцца з Беларуссю лепшымі напрацоўкамі краін - удзельніц Савета Еўропы ў галіне мясцовага самакіравання, і гэтак жа пераймаць ваш вопыт, бо навучанне - гэта заўсёды двухбаковы працэс".

Міхаіл Мясніковіч, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі: "Часта прыходзіцца чуць, што малое і сярэдняе прадпрымальніцтва абмежавана ў фінансаванні і рэсурсамі. Дык вось мясцовае кіраванне і самакіраванне як раз павінна вырашаць больш поўна гэтыя задачы. Самакіраванне і малы, і сярэдні бізнес - гэта рэчы ўзаемазлучаныя. Вырашаюць пытанні самазабеспячэння насельніцтва і яго занятасці і самазанятасці".

У Беларусі ўжо створана дзве асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў - у Гродзенскай і Магілёўскай абласцях. У будучыні паспяховы вопыт гэтых пілотных зон плануюць перанесці на ўсю краіну. У красавіку 2019 года ў Мінску адбудзецца канферэнцыя па стварэнні Нацыянальнай асацыяцыі мясцовых органаў самакіравання.