У Беларусі перакрыты канал пазапраўнай міграцыі

16 января 2017

8 выхадцаў з В'етнама затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗ у Паставах. Паводле інфармацыі аператыўнікаў, дапамагалі нелегальным падарожнікам выхадцы Таджыкістана і Чачні. Натуральна, не бясплатна. З правадырамі в'етнамцы сустракаліся ў Расіі. Пасля гэтага група пераязджала ў Беларусь, дзе знаходзілася нейкі час. Ужо адсюль нелегалы павінны былі адправіцца да беларуска-літоўскай мяжы і пяшком перасячы дзяржаўную мяжу. Але шлях быў перарваны. Па факце ўзбуджана крымінальная справа.

Пасля затрымання ў падазроных былі знойдзеныя навігатары, у якіх зададзеныя пункты на тэрыторыі Літвы. Ну а там гасцей чакалі прадстаўнікі другога боку. Паводле даных паліцыі, перавозчыкі за свае паслугі павінны былі атрымаць 25 тысяч расійскіх рублёў.